Як Аляксандр і Мікалай Лукашэнкі павіншавалі Дар'ю Домрачаву (фота, відэа)
Беларуская біятланістка ўчора заваявала "золата" Алімпіяды ў Сочы ў гонцы пераследу. А пасля ўначы піла гарбату з кіраўніком дзяржавы.
Беларуска Дар'я Домрачава — алімпійская чэмпіёнка! (фота, відэа)
Як інфармуе прэс-служба кіраўніка дзяржавы, Аляксандр Лукашэнка быў адным з першых, хто павіншаваў Дар'ю Домрачаву з бліскучай перамогай. У сочынскай рэзідэнцыі Лукашэнкі сабраліся заўзятары (а сярод іх вядомыя беларускія бізнэсмены Юрый Чыж і Аляксандр Шакуцін), члены беларускай каманды, неўзабаве прыйшла і Домрачава. Мікалай Лукашэнка ўручыў ёй букет кветак. Пасля гэтага алімпійскую чэмпіёнку падхапілі на рукі і доўга качалі, падкідаючы ў паветра.
"Святкаванне і віншаванні працягнуліся позна ўначы за сумесным піццём гарбаты, — інфармуе сайт president.gov.by. — Вядома, гучалі і тосты, і пажаданні будучых перамог, бо Алімпіяда яшчэ ў самым разгары, і Дар'і трэба будзе яшчэ не адзін адказны старт".
Аляксандр Лукашэнка падзяліўся ўласнымі ўражаннямі ад выступу Дар'і Домрачавай і яе саперніц, распавёў, што ўважліва сочыць за спартыўнымі баталіямі ў Сочы. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што такія спартыўныя перамогі часам лепшыя усялякай дыпламатыі спрыяюць фармаванню пазітыўнага іміджу краіны і росту яе пазнавальнасці ў свеце.
У сваю чаргу Дар'я Домрачава адзначыла намаганні ўсёй каманды ў дасягненні такога высокага выніку. Паводле яе слоў, для перамогі ў гэты дзень "сышліся ўсе зоркі". Алімпійская чэмпіёнка таксама распавяла, што перад пачаткам Алімпіяды спецыяльна вырашыла паберагчыся, а таму адмовілася несці на цырымоніі адкрыцця Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь. "Каб захаваць форму, не захварэць. У мяне думка была: я не панясу гэты сцяг на адкрыцці, лепш я фінішую з беларускім сцягам", — адзначыла спартоўка.
"Значыць, панясеш на закрыцці! Гэта твая Алімпіяда", — сказаў кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка таксама выказаў упэўненасць, што і іншыя беларускія спартоўцы, у тым ліку члены нацыянальнай каманды па біятлоне, здольныя заваяваць алімпійскія медалі.
Фота — БЕЛТА, president.gov.by