Як чыноўнікі спачатку прынялі, а пасля адмовіліся прымаць дакументы “Крумкачоў”

Як чыноўнікі спачатку прынялі, а пасля адмовіліся прымаць дакументы “Крумкачоў”

26 лютага ў Беларускай федэрацыі футбола адбылося лёсаванне чэмпіянату Вышэйшай лігі на наступны сезон. Замест мінскага клуба “Крумкачы” ў спісе фігуравала “16-я каманда”. Справа ў тым, што раніцай таго ж дня Камітэт па клубным ліцэнзаванні Федэрацыі адмовіўся прымаць дакументы “Крумкачоў” да разгляду — “у сувязі з сістэматычнымі парушэннямі патрабаванняў Рэгламенту АБФФ па ліцэнзаванні і кантролі дзейнасці клубаў”.

У беларускім футболе такое ўпершыню. У “Крумкачах” не хаваюць, што падрыхтавалі далёка не ўсе неабходныя паперы. Але заяўляюць, што футбольныя чыноўнікі не мелі юрыдычных падставаў адмовіць у прыёме тых дакументаў, што ёсць, і не дапусціць клуб да лёсавання.

 

Ліцэнзаванне — гэта своеасаблівы працэс допуску футбольнай каманды да чэмпіянату. Перад сезонам кожная каманда пацвярджае, што ў яе ёсць футбалісты, трэнеры, дактары, стадыён для хатніх гульняў. Таксама ў АБФФ дасылаецца фінансавая справаздача, якая пасля праходзіць аўдыт у незалежных экспертаў. Еўрарадыё налічыла 96 розных дакументаў, якія камандзе з Вышэйшай лігі чэмпіяната Беларусі трэба даслаць, каб атрымаць ліцэнзію. У афіцыйных дакументах яна называецца “сертыфікатам, які пацвярджае выкананне саіскальнікам ліцэнзіі ўсіх мінімальных крытэраў”.

Ці магла Федэрацыя не проста адмовіць клубу ў ліцэнзіі, а ўвогуле не прыняць яго дакументы да разгляду?

“У пункце 2 артыкула 14 “Ліцэнзія” [“Рэгламенту аб ліцэнзаванні”] сказана, што ліцэнзія выдаецца толькі тым спашукальнікам ліцэнзіі, якія прадстаўляюць дакументы, што пацвярджаюць выкананне крытэраў разраду “А”, у адпаведнасці з графікам працэсу ліцэнзавання”, — адказвае на пытанне пра юрыдычныя падставы дырэктар Дэпартамента ліцэнзавання АБФФ Андрэй Мішаеў.

Але мы адразу заўважаем, што тут гаворка вядзецца пра выдачу ліцэнзіі, а не пра прыём дакументаў. Згодна з графікам, які згадаў Андрэй Мішаеў, “Крумкачы” мусілі падаць дакументы яшчэ 12 лютага. Але “рашэнне пра мэтазгоднасць выдачы ліцэнзіі” АБФФ прымае толькі праз месяц — 12 сакавіка. Пасля некалькі дзён на падачу апеляцый. І толькі тады, калі апеляцыі адхіленыя, каманда пазбаўляецца права на ўдзел у чэмпіянаце Беларусі.

Як чыноўнікі спачатку прынялі, а пасля адмовіліся прымаць дакументы “Крумкачоў”

Такім чынам, “Крумкачы” мусілі ўдзельнічаць у сёлетнім лёсаванні і чакаць 12 сакавіка, калі будуць разгледжаныя пададзеныя імі дакументы. Але працэдура была парушаная: футбольныя чыноўнікі ўвогуле адмовіліся разглядаць дакументы мінскага клуба.

“Апошнім часам проста занадта часта клубам ідуць на саступкі, калі яны не выконваюць тэрміны. Гэта цяпер мы прымаем дакументы ў электронным выглядзе. А гадоў 7-8 таму, калі дакументы прадастаўляліся на папяровых носьбітах, у апошні дзень падачы ў 6 гадзінаў вечара кабінет зачыняўся. І больш дакументы ў прынцыпе не прымаліся”, — працягвае Андрэй Мішаеў. Але гэта гісторыя пра дысцыпліну не мае ніякага дачынення да “Крумкачоў”.

Правая рука не ведае, што робіць левая

Паведамленне пра тое, што заява “Крумкачоў” аб ліцэнзаванні не прымаецца да разгляду, з’явілася на сайце АБФФ раніцай 26 лютага. Гэта дакладна адбылося не пазней за 11:32, бо менавіта ў гэты час навіну ўжо перадрукаваў спартовы сайт “Трыбуна”.

У гэты час “Крумкачы” яшчэ поўным ходам перапісваліся з Дэпартаментам ліцэнзавання! Апошнюю версію спіса дакументаў з пазнакамі: што ёсць, а чаго няма, клуб атрымаў… у 11:30 (скан ліста ёсць у рэдакцыі Еўрарадыё). У гэты час у федэрацыі ўжо было прынята рашэнне не разглядаць заяву ад “Крумкачоў”.

Як чыноўнікі спачатку прынялі, а пасля адмовіліся прымаць дакументы “Крумкачоў”

Гэта ўжо чацвёртая версія спіса. З дакумента вынікае, што “Крумкачы” разам з падачай заявы на атрыманне ліцэнзіі заплацілі збор — 1225 рублёў. Згодна з рэгламентам, гэтыя грошы — 50 базавых велічыняў — прызначаюцца для “частковага пакрыцця расходаў на забеспячэнне працэсу ліцэнзавання”. Але адмовіўшыся прымаць дакументы мінскага клуба да разгляду, федэрацыя, фактычна, спыніла гэты працэс яшчэ да пачатку. Што цяпер будзе са сплачаным зборам?

Заўважце: у параўнанні з першай версіяй спіса, аформленай 21 лютага, чырвоных плямаў засталося няшмат. У асноўным, яны датычацца трэнерскага штаба “Крумкачоў”, але і там заўважны прагрэс. А вось, напрыклад, першыя старонкі першай і чацвёртай версіі спісу. За 5 дзён “Крумкачы” паспелі выканаць амаль усе патрабаванні:

Як чыноўнікі спачатку прынялі, а пасля адмовіліся прымаць дакументы “Крумкачоў”

Дык увогуле прынятыя дакументы ці не?

Але ёсць яшчэ больш цікавы скрыншот, з якога вынікае, што АБФФ адмовілася прымаць у “Крумкачоў” дакументы... прынятыя 21 лютага, то бок, шэсць дзён таму:

Як чыноўнікі спачатку прынялі, а пасля адмовіліся прымаць дакументы “Крумкачоў”

“Гэтым пацвярджаю атрыманне дакументаў, накіраваных футбольным клубам "Крумкачы" для атрымання ліцэнзіі АБФФ "Вышэйшая ліга"”, — сказана ў лісце, атрыманым з Федэрацыі. Але 26 лютага футбольныя чыноўнікі заяўляюць, што адмаўляюцца прыняць дакументы.

Што будуць рабіць “Крумкачы”

“Проста зараз мы разам з юрыстамі складаем апеляцыю. Гэта наша законнае права падаць апеляцыю цягам трох дзён. Адразу, як яна будзе гатовая, мы адправім яе ў федэрацыю. І будзем чакаць рашэння”, — распавядаюць Еўрарадыё ў “Крумкачах”.

Напісаць у апеляцыі ёсць што. Але ў яе поспех у клубе не надта вераць. На месца “Крумкачоў” у Вышэйшай лізе прэтэндуе мінскае “Тарпеда” — таму ёсць меркаванне, што ўся гэтая мітусня з іх дакументамі адбываецца не проста так.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі