Як лекар паехаў у Польшчу пасля арыштаў: "Еду ў белы свет, а што там — не ведаю"

Арцём Шагіеў на вераснёўскім маршы. За гэтую фатаграфію яго судзілі / асабісты архіў
Арцём Шагіеў на вераснёўскім маршы. За гэтую фатаграфію яго судзілі / асабісты архіў

Арцёму Шагіеву 38 гадоў. Яго працоўны стаж — шэсць гадоў ваенна-медыцынскага факультэта, пяць гадоў службы ў войску начальнікам медпункта, чатыры гады ў 10-й бальніцы, два з паловай гады старшым лекарам, а яшчэ стажыроўка ў Германіі. Жыццёвы досвед — вымушаная эміграцыя ў Польшчу, жыццё ў лагеры для ўцекачоў і выхад на працу без ведання мовы. "Мая гісторыя банальная. Прымальная — не. Але банальная праз сваю распаўсюджанасць".
 

Прыйшоў час "зрабіць ногі"

— Калі ў мяне пытаюцца, чаму я паехаў, я адказваю ўжо на аўтамаце, скорагаворкай. У лістападзе быў затрыманы першы раз на маршы, пасядзеў, не спадабалася. Другі раз у снежні быў затрыманы дома, таксама не застаўся задаволены. А вясной нашы доблесныя захавальнікі невядома чаго, цела вялікага і магутнага, зноў сталі мяне турбаваць, настойліва тэлефанаваць і прапаноўваць наведаць іх установы. Так адзін мой прыяцель схадзіў на гутарку, дагэтуль там яны пра нешта гутараць. І я падумаў, што, напэўна, прыйшоў час "зрабіць ногі", таму што мне не спадабалася ў турме.

— Чаму такая цікавасць менавіта да вас?

— Я не скажу, што я там самы галоўны рэвалюцыянер быў. Але ёсць рэчы, з якімі я не згодны, і не згаджуся, і не збіраюся згаджацца. Такіх, як я, шмат. То-бок для мяне гэта было крыху дзіўна, чаму, уласна, выбралі мяне. Хоць папраўдзе, напэўна, нічога дзіўнага няма, таму што гэта такі велізарны рандом. Спадабалася, відаць, мая фатаграфія.

— Як вы з'язджалі?

— Мы вырашылі, што трэба хутка-хутка з'язджаць, у нас ніякай ступені гатоўнасці. Мы проста патэлефанавалі ў польскае консульства, яны нам прызначылі час, мы прыйшлі, і нам зрабілі візы. Гэта ўсё заняло два з паловай тыдні.

Увесь гэты час мне спрабавалі ўручыць позву. Тэлефанавалі нейкімі спосабамі. Я хаваўся, але і не надта хаваўся. Я разумеў, што калі мяне захочуць знайсці — мяне знойдуць. Відаць, і без мяне досыць было ў іх клопатаў, але з вачэй не гублялі, таму я вырашыў не цягнуць час. І чацвёртага чэрвеня 2021 года мы прыехалі ў Польшчу.

Как врач уехал в Польшу после арестов: “Еду в белый свет, а что там — не знаю”
Арцём Шагіеў з сям'ёй па дарозе ў Варшаву. "Мы куплялі квіткі ў апошні момант, а самалёты ўжо перасталі лётаць. Мы купілі квіткі на цягнік да Масквы і да вечара чакалі самалёт" / асабісты архіў

— Як гэта, з'язджаць у адзін канец, амаль у адзін дзень?

— Ні жылля, ні працы, ні слова па-польску. Таму мы вырашылі, што будзем падавацца на міжнародную абарону. Усё атрымалася. Адзіная праблема — мне трэба было працаваць, таму што без працы... Ну як жа мы будзем есці.

— Удалося ўладкавацца?

— Мне дапамаглі валанцёркі ў Польшчы, яны называюць сябе "партызанкі". Яны вельмі актыўныя і малайцы. Яны дапамаглі мне з курсамі польскай і дапамаглі з агенцтвам. Агенцтва знаходзіць працу, але я плачу ім 150 злотых у месяц на працягу двух гадоў пасля працаўладкавання. На мой погляд, справядліва.

— Чаму ў Польшчу. Не ва Украіну?

— Калі я сядзеў свае першыя восем сутак, то пазнаёміўся з цудоўнымі людзьмі. У аднаго з іх сястра ўжо некалькі гадоў жыла ў Польшчы. Ён тады мне прапанаваў падумаць пра запасны варыянт. Да гэтага я ніколі пра Польшчу не думаў і ў гэты бок не глядзеў. У мяне няма польскіх каранёў, мовы я не ведаў.

Как врач уехал в Польшу после арестов: “Еду в белый свет, а что там — не знаю”
На занятках па арытміях на падстанцыі №4 у Мінску / асабісты архіў

Калі сістэма ўся крывая, то ўся праца ўпіраецца ў гэта

— Вы заўсёды былі такіх поглядаў ці сталі ў апошні год?

— Я яшчэ ў войску акунуўся ў рэчаіснасць і расчараваўся ў ёй. Першапачаткова ў мяне была ідэя, што кожны на сваім месцы павінен працаваць добра. Тады ўсё будзе добра. Але вось так, аказалася, не працуе.

То-бок ты можаш са скуры вылузвацца, але калі сістэма ўся крывая, то ўся праца ўпіраецца ў гэта. Я нават паехаў у Германію. Там адстажыраваўся, мне спадабалася. Але атрымалася, што трэба было паехаць назад па сямейных абставінах.

Прыехаў у Беларусь, пайшоў працаваць на хуткую дапамогу. У нейкі момант мне прапанавалі пасаду старшага лекара падстанцыі. Вельмі вялікая падстанцыя і складаны ўчастак працы. Я вырашыў, што пачну свой шлях, зраблю ўсё, што ў маёй уладзе. Стаў спрабаваць укараняць нейкія новаўвядзенні. Усё, можа быць, трохі наіўна, але штосьці атрымлівалася.

У 2019-м былі Еўрагульні. Я пазнаёміўся з хлопцамі з Масквы, экспертамі ў сістэме аказання неадкладнай дапамогі. Мы паглядзелі на нашу сістэму і зразумелі, што яна не здольная ні да якіх аператыўных дзеянняў. Гэта значыць, у лепшым выпадку гэта паказуха, у горшым — кроў і слёзы.

А грошы давалі каласальныя на гэта. Здалося, што гэта зручны момант, каб укараніць новаўвядзенні ў сістэму аказання экстраннай дапамогі. У мяне былі размовы з міністрам, намеснікам міністра. Я невядома колькі чалавека-гадзін правёў у камітэце.

Але ў выніку нават да Еўрагульняў не дапрацаваў. І атрымалася, што давялося пакінуць гарадскую станцыю хуткай дапамогі. Галоўны доктар вырашыў, што я магу стварыць яму нейкі галаўны боль. Магчыма, нават нейкую канкурэнцыю ён ува мне ўбачыў.

Розныя версіі былі. Вытлумачылі маю ідэю скажона і стварылі такія некамфортныя ўмовы, што я вырашыў не лупіць галавой гэтую сцяну, бескарысна. Засталася крыўда, таму што сістэма аховы здароўя — гэта аблічча ўсёй дзяржаўнай машыны.

Я ніколі не быў пасіўным. А ў жніўні, як і многія беларусы, я зразумеў, што ёсць шанц нешта радыкальна і кардынальна змяніць. І пастараўся прыкласці ўсе намаганні да гэтага.

— Актыўныя людзі дзяржаве ствараюць праблемы, таму яны вас і ўзялі на кручок?

— Калі затрымлівалі мяне другі раз — проста забралі дома. У мяне была начная змена. Я адчыняю дзверы, а на лесвічнай пляцоўцы стаяць хлопцы і кажуць: "Ну мы па цябе прыйшлі". А чаго гэта? "Трэба з'ездзіць пагутарыць". Я кажу, што нікуды з імі не паеду. Што там я не бачыў? Я там быў. У мяне сёння працоўны дзень. Ну мы доўга не размаўлялі, яны ўзялі мяне за рукі за ногі, укінулі ў машыну, і ўсё.

— Як на працы паставіліся?

— Там складана-складана. У кіраўніцтве не было адзінства. Сёй-той з намеснікаў галоўнага доктара мяне падштурхоўваў і падтрымліваў. І казалі: "Ну ты трымайся, мы ўсё разумеем і, калі можам чым дапамагчы, толькі нічым не можам". А галоўны доктар, наадварот, дык вельмі негатыўна. Прынёс нейкую паперу са Следчага камітэта. Выклікаў на гутарку. І там доўга з паперай тлумачыў мне, што на сем гадоў мяне пасадзяць у турму.

Я, вядома ж, спрабаваў яму растлумачыць, што мы з вамі адных і тых людзей, на самай справе, павінны баяцца. Магчыма, з розных прычын, але адных і тых. Што ён у такой жа сітуацыі абсалютна. Сёння ён трасе паперай, а заўтра яму трасуць ёй. Але ў чалавека, мабыць, іншыя нейкія светапоглядныя пазіцыі.
 

Далі накіраванне і сказалі, куды ехаць. Гэта быў лагер

Как врач уехал в Польшу после арестов: “Еду в белый свет, а что там — не знаю”
Пакой у лагеры Dębak пад Варшавай / асабісты архіў

— Куды вы паехалі пасля перасячэння мяжы? Дзе спыніліся?

— Мне нехта даў праз пятых знаёмых інфармацыю, што, маўляў, "вось дзяўчаты, яны жывуць у Варшаве". Яны нешта ды ведаюць. Я ім пішу: "Вы можаце не адказаць мне, але ў мяне такая гісторыя". І проста пішу, што я не ведаю, што мне рабіць.

Еду ў белы свет, а што там, не ведаю. Нам арганізавалі каранцін, а пасля каранціну прывезлі ў дэпартамент па справах замежнікаў. Усе эмігранты ў Варшаве ведаюць гэтае месца. Вуліца Taborowa, 33. Мы прыехалі, напісалі заяву. Мяне выслухалі, задалі пытанні. Такое было міні-інтэрв'ю. Далі накіраванне і сказалі, куды ехаць. Гэта быў лагер.

— Лагер для ўцекачоў?

— Так. Там у нас спыталі: "Вы будзеце тут жыць ці ў вас ёсць дзе жыць?" Сказаў: "Нам няма дзе жыць". "Ніякай праблемы няма, у нас ёсць дзе". Ну, калі чалавеку няма дзе жыць і ў яго няма ніякага даходу і ў агляднай будучыні, то гэта нармальнае месца. Гэта было штосьці накшталт хостэла, інтэрната.

— Якія там умовы?

— Спачатку мы жылі ў адным лагеры. Ён для чачэнцаў, дагестанцаў, афганцаў, украінцаў, беларусаў. Калі мы прыехалі, там жылі беларусы і чачэнцы, не было яшчэ ніякіх афганцаў і іракцаў. Потым нас перавезлі ў іншы лагер. І якраз тады распачаўся гуманітарны крызіс на мяжы.

У адзін дзень прывезлі 300 чалавек афганцаў. Я нічога не хачу сказаць дрэннага. Гэтыя людзі ўцяклі ад смерці, ад вайны. Я нават не магу сабе ўявіць, ад якога зла яны ўцякалі. Пры тым што я прыкладна ўяўляю, ад якога зла ўцякаў я.

Але гэта людзі са сваёй культурай, са сваімі асаблівасцямі, жыць з імі было цяжка. Яны не вельмі сочаць за парадкам. Пачаліся нават гісторыі з прапажай ежы з лядоўняў. Вы самі разумееце, што для людзей, якія не маюць даходу, — ежа ў лядоўні гэта ўся маёмасць. Не катастрофа, але вельмі непрыемна.

Как врач уехал в Польшу после арестов: “Еду в белый свет, а что там — не знаю”
Арцём Шагіеў на маршы ў кастрычніку / асабісты архіў

— Вы спрабавалі з'ехаць адтуль?

— Так, я ўсім казаў, што адзіная дапамога, якая мне патрэбная, — гэта праца. Дзяўчаты-валанцёры падкідалі розныя варыянты. Я на ўсё пагаджаўся, але не ўсе пагаджаліся на мяне. Таму што са мной праблема — я іншаземец.

І ў выніку неяк прыехаў на сумоўе. Мяне добра прынялі. Я быў здзіўлены, але ўжо і прывык да такой рэакцыі палякаў на беларусаў. Палякі вельмі добра рэагуюць на беларусаў. Не ўсе, вядома, але ў большасці, калі даведваюцца, што я прыехаў з Беларусі, кажуць, што "так, мы ведаем, што там адбываецца".

Цяпер мы ўжо прыехалі ў горад, у якім мяне ўзялі на працу ў лякарню. Гэта 60 кіламетраў ад Брэста. Цяпер у працэсе працаўладкавання, літаральна ўчора размаўляў з дырэктарам. Яны вельмі чакаюць мяне на працу. І мне гэта вельмі імпануе. Прыемна, што яны імкнуцца ўсяляк аблегчыць маё жыццё.

 

Хутчэй за ўсё, я ніколі не вярнуся ў Беларусь

— Якія адчуванні наогул былі па прыбыцці ў Польшчу, была радасць?

— Не было ні эйфарыі, ні дэпрэсіі. У мяне была такая палёгка, што я нібыта ў бяспецы. Але пры гэтым я разумеў, што наперадзе яшчэ цяжкія дні. У мяне ёсць багаж навыкаў і кампетэнцый, але пры гэтым моўны бар'ер не дазваляе мне іх рэалізаваць.

Я не ехаў у Еўропу. Я разумеў, што тут мне будзе нялёгка, але ў той жа час я разумеў, што ў мяне няма альтэрнатывы. Мне няма куды вяртацца. Я выехаў з Беларусі не таму, што я хацеў лепшага жыцця, а таму, што там у мяне не было ніякай перспектывы для жыцця наогул. І была перспектыва пасядзець у турме.

Как врач уехал в Польшу после арестов: “Еду в белый свет, а что там — не знаю”
Сям'я Шагіевых на прагулцы ў горадзе побач з лагерам Grudziądz

— Але ўсё ж туга па РБ засталася?

— Мне пакуль не было калі тужыць. У мяне засталіся там сябры і бацькі. Вядома, я па ўсіх сумую. Гэта пакуль складана выказаць словамі, я пакуль яшчэ не думаў над гэтым адчуваннем: тугі няма, на яе няма часу, але нагода пагаварыць ёсць.

— Здаецца, што ў вас усё атрымалася. Цяпер вы маеце патрэбу ў нейкай дапамозе ці ўжо ўпэўнена крочыце ў новае жыццё?

— Мы пераехалі на пустое месца з сям'ёй. Жонка і дзеці. Ужо выдаткаваныя вялікія намаганні, выдаткуюцца яшчэ большыя. Хутчэй за ўсё, я ніколі не вярнуся ў Беларусь. Я пушчу карані, і ўжо не будзе куды вяртацца.

Я пачытаў пра польскую медыцыну, яна таксама мае праблемы. Але тут я змагу пра гэта гаварыць і неяк на гэта ўплываць. І мне нешта хочацца тут рабіць. Атрымаю карту побыту, застрахую сям'ю, буду атрымліваць нейкія даходы. Я хачу працаваць лекарам. І такая перспектыва ёсць у мяне.

У Беларусі была вельмі вялікая надзея на перамогу. Мне страшна пра гэта цяпер гаварыць, але мы прайгралі. Калі глядзець праўдзе ў вочы і шчыра прызнавацца — мы не дасягнулі жаданых вынікаў. Гэта вельмі засмучае, таму што мы маглі б жыць не горш, чым у Польшчы, а можа, нават і лепш. Але ў сябе дома.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі