Як мы спрабавалі набыць валюту ў абменніках, касах і праз банкамат

Яшчэ ў канцы снежня Нацбанк казаў пра самалёты з доларамі, якія " на падлёце". Галоўны банк краіны адмяніў збор на пакупку валюты і нібыта адпусціў курс. Пасля гэтага ён зніжаўся некалькі разоў, і з пачатка года долар вырас з 11 850 да 14 310 рублёў. А абменных пунктах 12 студзеня яго прадаюць па 14 600. Еўрарадыё спрабуе набыць.

Перавесці з рублёвай карты на валютную

Прылада БСБ Банка для мабільных, а таксама інтэрнэт-банкінг адмаўляюць у такой працэдуры... нібыта з-за тэхнічнай памылкі. Дзіўна, але ў адваротным парадку (пераводзе долараў на рублі) праграма працуе без праблем. У банку ж настойваюць — тэхнічны збой. Калі яго выправяць, не кажуць, маўляў, можаце хоць штодзень тэлефанаваць, калі вам так хочацца. Адзначаюць, што такая сітуацыя і ў некаторых іншых банках.

У галоўным офісе банка карэспандэнту Еўрарадыё прызнаюцца, што аперацыі з рублёвай карты на валютную проста забароненыя.

Зняць з рублёвай карты валюту ў банкамаце

Не адзін я такі разумны. У некаторых банкаматах валюты няма. А мой БСБ Банк паклапаціўся, каб долары з рублёвай карткі я не мог зняць ні ў якім банкамаце. На спробу зняць грошы машына адказвае: "Перавышаны ліміт".

Раней гэты ліміт быў 500 долараў за суткі. Але, як падказалі ў банку, цяпер па рублёвых картках зноў жа па нейкіх тэхнічных прычынах зняць грошы нельга.

У банкамаце ў галоўным офісе БСБ Банка на вуліцы Пераможцаў зняць грошы не атрымліваецца, банкамат у ГЦ "Сталіца" таксама не выдае замежную валюту, як і банкамат БелВЭБ на Мяснікова.

Дзіўна, але грошы з валютнай карткі гэтыя ж банкаматы выдаюць і ніякага тэхнічнага збою няма. У банкамаце Трастбанка на Валадарскага і банкамаце Тэхнабанка на Нямізе зусім няма валюты.

Апошні шанец: зняць рублі і купіць долары

Зняць рублі ў аднаго з журналістаў атрымліваецца ў сталіцы. Такое адчуванне, што банкамат аддае апошняе, бо спачатку ідуць купюры наміналам 200 тысяч, потым 100, а потым 50.

З гэтымі грашыма ідзем па абменніках.

У вялікім офісе БелВЭБ на Мяснікова няма ніякай валюты. І не было сёння зусім. Прадаюць толькі тое, што здаюць людзі. Наконт пытання пра падлятаючыя самалёты з баксамі дзяўчына толькі усміхаецца: "Працуем толькі з тым, што здаюць".

Няма валюты і ў абменніках на плошчы Свабоды, і ў касе банка побач таксама. У галоўным офісе БСБ Банка знаходзім 400 долараў толькі ў адной касе. Побач у абменных пунктах няма нічога:

"Нацбанк долары банкам не хоча прадаваць, хоць і кажуць, што долараў хапае. Нам раніцай выдаюць 300 долараў, якія можна купіць. Больш няма, толькі калі нехта здасць".

У ГЦ "Кірмаш" у абменніку “Белінвестбанка” няма ніякай валюты: "што здаюць, то і прадаём".

У абменніку “Белаграпрамбанка” на Маркса таксама няма валюты. Кажуць, што звозяць з раніцы, але ўсё вельмі хутка раскупляюць.

Падаецца, што ў абменніку "Беларусбанка" у гатэлі "Мінск" валюта мусіць быць, бо жывуць замежнікі, мяняюць грошы. Але і там ні долара ні еўра.

Дарэчы, абяцаныя долары раніцай 13 студзеня ў абменнікі не завезлі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі