Як скласці свой радавод: лайфхакі ад спецыяліста па генеалогіі
Мінчук Дзмітрый Кавалгін днямі даведаўся пра існаванне траюраднага брата, якога таксама завуць Дзмітрый. Нечаканы родзіч з Расіі сам выйшаў на кантакт і паведаміў, што вывучае свой радавод. Апынулася, што мужчыны маюць агульнага прапрадзеда — двараніна Захара Кавалгіна (1870-1941). Траюрадны брат Дзмітрыя нават прыслаў яму копію адпаведнага пасведчання Смаленскага дваранскага дэпутацкага Сходу пачатку 20-га стагоддзя.
“Ты з’яўляешся, верагодна, адзіным носьбітам прозвішча”
“То бок ты з’яўляешся патомным дваранінам і, верагодна, адзіным носьбітам прозвішча”, — паведаміў Дзмітрый з Расіі.
Дзмітрый Кавалгін усіх падрабязнасцяў яшчэ не ведае, але будзе вывучаць дадзенае пытанне.
“Я і так нешта такое чуў ад бацькі. Праўда, тым бокам асабліва не цікавіўся, сам нічога не шукаў. Больш цікавіўся матчынай лініяй, асабліва тэмай рапрасавыных. У мяне дзед быў расстраляны, раскулачаны. Бабулю саслалі ў “Салаўкі” (найбуйнейшы ў СССР выпраўленча-працоўны лагер на тэрыторыі Салавецкіх астравоў, што дзейнічаў у 1920-1930-х гадах. — Еўрарадыё). Такія вось сумныя старонкі гісторыі маёй сям’і я ведаў. Але пра род па бацькавай лініі было прыемна даведацца. Такая навіна прыйшла фактычна на мой Дзень нараджэння”, — кажа дваранін.
Раптоўна даведацца пра свае шляхетныя карані — сапраўдны падарунак. Людзі гадамі вывучаюць сваё паходжанне, выдаткоўваючы на гэта не толькі час, але і вялікія грошы, кажа старэйшы навуковы супрацоўнік аддзела генеалогіі, геральдыкі і нумізматыкі Інстытута гісторыі НАН Сяргей Рыбчонак.
Сяргей Рыбчонак — кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Абараніў кандыдацкую дысертацыю па тэме “Крыніцы масавага паходжання па генеалогіі Беларусі сярэдзіны XVII — пачатку XX ст”. З’яўляецца аўтарам больш чым 80-ці навуковых артыкулаў па гісторыі, генеалогіі і крыніцазнаўстве Беларусі, апублікаваных як у айчынных, так і замежных выданнях. Склаў для беларусаў парадку тысячы радаводаў, а свой род ведае да трынаццатага калена — з канца XVIІ стагоддзя.
Як больш даведацца пра свой род?
Еўрарадыё публікуе лайфхакі ад спецыяліста па генеалогіі:
1. Падрыхтоўчая праца.
Сабраць максімальна шмат дадзеных пра сваіх родзічаў: імя, імя па бацьку, дата і месца нараджэння, дзе вучыўся, чым займаўся і гэтак далей. Перабраць усе даступныя дакументы з сямейнага архіву, адкуль гэтую інфармацыю можна даведацца.
Рыбчонак: “Перш чым праводзіць даследаванні па архіўных дакументах, трэба нейкую інфармацыю ўжо мець, бо архіўныя дакументы занадта жорстка структураваныя і па храналогіі, і па тэрыторыі. Складаць радавод па сугучнасці прозвішча — гэта не варыянт: аднолькавыя прозвішчы яшчэ не значаць, што людзі родзічы”.
2. Звярнуцца да адкрытых крыніц.
У інтэрнэце шмат сайтаў, што могуць дапамагчы беларусам у пошуках генеалагічных звестак. Спіс некаторых з іх:
- База звестак пра грамадзян СССР, рэпрэсаваных у 1920-1950-я гады www.lists.memo.ru,
- База звестак пра узнагароджаных у гады Другой сусветнай вайны вайскоўцаў савецкай арміі www.podvignaroda.mil.ru,
- База звестак пра вайскоўцаў савецкай арміі, якія загінулі, прапалі без вестак, трапілі ў палон у час Другой сусветнай вайны www.obd-memorial.ru,
- Сайт Згуртавання беларускай шляхты, прысвечаны шляхецкай генеалогіі Беларусі www.nobility.by,
- Сайт, прысвечаны генеалогіі Беларусі www.radzima.net,
- Сайт "Некропалі Беларусі" пра апісанне старажытных могілак www.niekropali.by.
Рыбчонак: “Можна шмат шукаць і знайсці ў інтэрнэце, асабліва па другой палове ХХ стагоддзя. Напрыклад, архіў у Латвіі выклаў у інтэрнэт нейкія свае крыніцы. Праблема ў тым, што ў латышоў захаваліся некалькі метрычных кніг з Беларусі, якія таксама можна паглядзець, але мала хто ведае пра гэта”.
3. Звярнуцца ў беларускія архівы
Калі хочаце атрымаць дакументы старэйшыя за 1917 год, то трэба звяртацца ў гістарычныя архівы. Іх у нашай краіне два: Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі, што знаходзіцца ў Мінску, і яго філіял ў Гродне.
Калі справа тычыцца дакументаў ужо савецкіх часоў, то шукаць іх трэба ў абласных дзяржаўных архівах.
З поўным спісам устаноў можна пазнаёміцца тут.
Працаваць з архіўнымі дакументамі можна як самастойна, так і пры дапамозе супрацоўнікаў устаноў.
Выкананне генеалагічнага запыту — паслуга платная. Напрыклад, у Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі перадаплата такога запыту каштуе 360 рублёў, поўны ж кошт можа даходзіць да 1800 рублёў.
Можна значна зэканоміць, і самому пачытаць дакументы ў чытальнай зале. Заплаціць трэба будзе сімвалічныя грошы, толькі за магчымыя кансультацыі архівістаў. Недахоп гэтага варыянту заключаецца ў тым, што не ўсе маюць дастаткова вольнага часу, а працэс можа зацягнуцца, бо ва ўсіх установах стаяць абмежаванні на разавую выдачу дакументаў.
Рыбчонак: “Вядома, ёсць яшчэ і такі варыянт: можна не рабіць запыт у архіў, можна не хадзіць самому, а можна знайсці патрэбных людзей, якія самі гэта зробяць. Але гэта ўжо пад чэснае слова, бо ёсць адказныя даследчыкі, а ёсць разгільдзяі, якія проста зарабляюць на гэтым грошы, а па факце нічога не шукаюць”.
4. Звярнуцца ў замежныя архівы
Гістарычныя працэсы, што адбываліся на тэрыторыі сучаснай Беларусі, паўплывалі і на цяперашняе размяшчэнне архіўных дакументаў. Не рэдкасць, калі іх пошукі могуць прывесці за мяжу. Кожная справа індывідуальная, і ў залежнасці ад рэгіёна звесткі пра вашых продкаў цяпер могуць знаходзіцца амаль ва ўсіх суседніх краінах. Нюансаў вельмі шмат.
Рыбчонак: “Выпадкі могуць быць самымі рознымі. Вось, напрыклад, Магілёўская губерня. Сэнс у тым, што дваранскія справы вельмі часта дубляваліся ў Дэпартаменце герольдыі, які цяпер захоўваецца ў архіве Пецярбурга. То бок, калі вы шукаеце дваранскія карані па Магілёўскай вобласці, то прасцей знайсці ў Пецярбургу”.
***
Спецыяліст адзначае, што складанне генеалагічнага дрэва — гэта неліцэнзаваная дзейнасць, таму за гэтай паслугай лепей звяртацца да яго калег, супрацоўнікаў Нацыянальнага гістарычнага архіва. Дзяржустанова дае афіцыйны адказ і нясе за яго адказнасць. Наяўнасць “блакітнай крыві” вам ніхто не гарантуе, але і не будзе падманваць, як гэта могуць зрабіць прыватныя даследчыкі.