Як выглядае стадыён “Дынама”, тэрміны здачы якога сарваліся?
Мінскі стадыён “Дынама”, які мусілі здаць яшчэ 31 траўня, выглядае пакуль зусім не гатовым да эксплуатацыі. Пра гэта піша Прессбол і ў якасці доказаў публікуе фотаздымкі са спартовага аб’екта. На здымках бачна, што на аб’екце яшчэ шмат працы і трэба хаця б месяц, каб яго скончыць.
Каб хутчэй здаць стадыён, там задзейнічалі шмат людзей, далучылі нават БРСМ і вайскоўцаў, якія робяць прыборку тэрыторы і здымаюць плёнку сядзенняў. Зусім нядаўна на стадыёне ўсталявалі кабінкі для камандаў і суддзяў.
Супрацоўнікі МНС старанна правяраюць аб’ект на адпаведнасць нормам пажарнай бяспекі, тэстуюць спавяшчальнікі.
На рэканструкцыі стадыёна працуюць прадстаўнікі каля 100 арганізацыяў і там вялікая бягучасць кадраў — многія работнікі скардзяцца, што даводзіцца працаваць звыш нормы, але заробкі не гэтулькі высокія.
Ужо 22 чэрвеня на абноўленым стадыёне павінны адбыцца першыя спаборніцтвы — міжнародная матчавая сустрэча па лёгкай атлетыцы.