Якія чыноўнікі самыя маладыя ў Еўропе?
Міністр замежных спраў Аўстрыі ўдвая маладзейшы за Макея, а прэм’ерам Грузіі, Эстоніі і Малдовы — ад 32 да 38 гадоў. Беларусу Кабякову — 54.
У сакавіку ў Эстоніі прайшлі выбары ў парламент. Большасць галасоў атрымала “Партыя рэформаў Эстоніі”. Прэм’ер-міністрам краіны стаў 35-гадовы Тааві Рыйвас. Цяпер сярэдні ўзрост эстонскага парламента Рыйгікогу складае 47 гадоў. Самому маладому дэпутату 23 гады, самаму старэйшаму — 76, піша Postimees.
Сярэдні ўзрост беларускай Палаты прадстаўнікоў — каля 56 гадоў. Нашы дэпутаты на 9 гадоў старэйшыя за эстонскіх.
У сакавіку новым мэрам Вільні стаў 41-гадовы Рэмігіюс Шымашус. Кіраўніку Мінгарвыканкама Андрэю Шорацу таксама 41 год.
Дзе яшчэ можна сустрэць маладых чыноўнікаў?
Прэм’ер-міністры
Іраклі Гарыбашвілі (32 гады) — прэм’ер-міністр Грузіі. У 1998-2002 гадах вучыўся ў Тбіліскім дзяржаўным універсітэце. У 2004 годзе скончыў факультэт міжнародных адносінаў французскага Універсітэта Пантэон-Сарбона. 20 лістапад 2013 Іраклі Гарыбашвілі стаў прэм'ер-міністрам
Тааві Рыйвас (35 гадоў) — прэм’ер-міністр Эстоніі. На пасадзе з 26 сакавіка 2014 года. Скончыў Універсітэт Тарту. З юных гадоў ён з’яўляўся сябрам ліберальнай Партыі Рэформаў.
Кірыл Габурыч (38 гадоў) — прэм’ер-міністр Малдовы. На пасадзе з 18 лютага 2015. Скончыў эканамічны факультэт Славянскага ўніверсітэта ў Кішынёве.
Шарль Мішэль (39 гадоў) — прэм’ер-міністр Бельгіі. На пасадзе з 11 кастрычніка 2014 года.
Андрэй Кабякоў (54 гады) — скончыў Беларускі дзяржаўны інстытут народнай гаспадаркі. Быў слухачом у Інстытуце паліталогіі і сацыяльнага кіравання КПБ.
Міністры
Себасцьян Курц (28 гадоў) — міністр замежных спраў Аўстрыі. Самы малады кіраўнік МЗС у свеце. Пасля здачы школьнага выпускнога іспыту ў 2004 годзе прайшоў абавязковую ваенную службу ў 2004-2005 гадах. Затым паступіў на юрыдычны факультэт Венскага ўніверсітэта. Падчас навучання, у 2011 годзе, быў прызначаны на пасаду дзяржаўнага сакратара па справах інтэграцыі.
Уладзімір Макей (56 гадоў) — міністр замежных спраў Беларусі. У 1980-м скончыў Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут замежных моў, служыў у войску з 1980 па 1992, палкоўнік запасу. Вучыўся ў Дыпламатычнай акадэміі МЗС Аўстрыі з 1992 па 1993.
Эмануэль Макрон (37 гадоў) — міністр эканомікі і прамысловасці Францыі. Працаваў у інвестыцыйным банку. Вывучаў філасофію ва ўніверсітэце Paris-Ouest Nanterre La Défense. Ён таксама атрымаў навуковую ступень у галіне сувязяў з грамадскасцю ў Sciences Po.
Уладзімір Зіноўскі (60 гадоў) — міністр эканомікі Беларусі. Скончыў Беларускі дзяржаўны эканамічны універсітэт. У 1993 годзе скончыў Акадэмію кіравання пры Савеце міністраў РБ.
Мэры
Міхаэль Салома (25 гадоў) — мэр нямецкага мястэчка Хасмерсхайм. З’яўляецца самым маладым гарадскім кіраўніком Германіі.
Марэк Матэрэк (25 гадоў) — мэр польскага горада Стараховіцы. З’яўляецца самым маладым гарадскім кіраўніком Польшчы.
Ніл Ушакоў (38 гадоў) — мэр Рыгі. Латвійскі палітык, старшыня латвійскага палітычнага аб’яднання “Цэнтр згоды”, якое карыстаецца папулярнасцю ў рускамоўнага насельніцтва. Атрымаў навуковую ступень па спецыялізацыі “эканоміка і еўрапейская інтэграцыя” ў Паўднёва-Дацкім універсітэце.
Рэмігіюс Шымашус (41 год) — мэр Вільні. З 2008 года да 2012 годa быў міністрам юстыцыі Літвы.
Андрэй Шорац (41 год) — кіраўнік Мінгарвыканкама. У 1995 годзе скончыў Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт, у 1999 — Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце. У 1995 — 1997 гадах працаваў інжынерам-тэхнолагам, намеснікам начальніка цэха ААТ “Віцебскі прыборабудаўнічы завод”. Для параўнання адзначым, што мінуламу кіраўніку Мінгарвыканкама Мікалаю Ладуцьку было 55 гадоў, калі ён сышоў з пасады.
Прэзідэнты
Сярод еўрапейскіх прэзідэнтаў беларускі — у сярэдзіне узроставага спісу.
Маладзейшымі з’яўляюцца прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка (49 гадоў), прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайтэ (59 гадоў), прэзідэнт Францыі Франсуа Аланд (60 гадоў). Старэйшымі за Аляксандра Лукашэнку з’яўляюцца прэзідэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі (62 гады), прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін (62 гады), прэзідэнт Чэхіі Мілаш Земан (70 гадоў) і прэзідэнт Ісландыі Алавюр Рагнар Грымсан (71 год), які знаходзіцца на пасадзе з 1996 года. А Лукашэнка стаў прэзідэнтам Беларусі ў 39 гадоў.