МЗС Германіі правярае паведамленні аб рабоце палітвязняў на ферме Дарнау у Лідзе
Ёрг Дарнау з'яўляецца дэпутатам парламента Саксоніі.
МЗС ФРГ правярае паведамленні аб выкарыстанні працы палітвязняў на цыбульнай ферме нямецкага дэпутата-бізнесмена Ёрга Дарнау ў Беларусі, піша агенцтва "Позірк". Журналісты медыя звярнуліся ў знешнепалітычнае ведамства Германіі з просьбай пракаментаваць сітуацыю.
"Замежныя інвестары не павінны станавіцца саўдзельнікамі рэжыму і ўдзельнічаць у жорсткіх палітычных рэпрэсіях у Беларусі або атрымліваць ад іх выгаду", — адказалі ў нямецкім МЗС. Там таксама падкрэслілі, што сур'ёзна ставяцца да такіх "палохаючых паведамленняў" і правяраюць іх. "Ясна адно: мы асуджаем усе формы прымусовай працы, катаванняў і прававога самавольства і з вялікай занепакоенасцю сочым за пагаршэннем сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі", — падкрэслілі таксама ў МЗС ФРГ.
Аб выкарыстанні працы палітвязняў на цыбульнай ферме нямецкага дэпутата-бізнесмена Ёрга Дарнау пад Лідай стала вядома з расследавання Reform.news. Пасля ўжо нямецкія журналісты знайшлі ў Варшаве беларуса, які працаваў на гэтай ферме, калі адбываў арышт за перапосты з апазіцыйных рэсурсаў. Ён апазнаў па фатаграфіі Дарнау, як немца, які прыязджаў на ферму, калі там былі зняволеныя.
Дарнау з'яўляецца членам парламента Саксоніі ад правапапулісцкай партыі "Альтэрнатыва для Германіі" з 2019 года. Гэтым летам ён быў аштрафаваны на 20 862 еўра за ўтойванне свайго ўдзелу ў беларускай кампаніі "Цыбулька-Бел". Кампанія ў Беларусі была заснаваная ў кастрычніку 2020 года, калі ў краіне ішлі масавыя дэмакратычныя пратэсты. Дадамо, што партыя, да якой належыць Дарнау, выступае супраць міграцыйнай палітыкі Германіі і супраць падтрымкі Украіны.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.