Ярмошына распавяла, на што пайшлі выбарчыя фонды прэтэндэнтаў у прэзідэнты

На прэс-канферэнцыі 27 жніўня старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына распавяла, на што выдаткавалі сродкі з асабістых фінансавых фондаў прэтэндэнты на пасаду прэзідэнта.

Так, на рахунак старшыні Беларускай партыі левых "Справядлівы свет" Сяргея Калякіна паступіла 13 млн 630 тыс. рублёў. Па словах Ярмошынай, якія перадае БелаПАН, Калякін падаў справаздачу ў бухгалтэрыю ЦВК, што цалкам выкарыстаў гэтую суму на выраб плакатаў, улётак, транспарт, арэнду памяшканняў.

На рахунак актывісткі кампаніі "Гавары праўду" Таццяны Караткевіч паступіла 12 млн 789 тыс. рублёў. Яна скарыстала амаль 12 млн рублёў на ксеракс і мелаваную паперу. У яе засталося крыху больш за 800 тысяч рублёў. Пры гэтым Ярмошына дадала, што на рахунак Караткевіч пералічылі сродкі два ананімы. Грамадзянства гэтых асоб высветліць не ўдалося, а замежным грамадзянам забаронена фінансаваць выбарчыя кампаніі ў Беларусі. Таму гэтыя грошы не паступілі ў фонд, а былі пералічаныя ў бюджэт.

Беспрацоўная настаўніца з Брэста Жанна Раманоўская ўнесла ў свой фонд 140 тысяч рублёў і надрукавала на гэтыя грошы свае партрэты.

Яшчэ тры кандыдаты не выдаткоўвалі грошай са сваіх фондаў. Так, на рахунак старшыні Беларускай патрыятычнай партыі, вярхоўнага атамана РГА "Беларускае казацтва" Мікалая Улаховіча паступіла 318 тыс. рублёў. Фонд эканаміста Віктара Цярэшчанкі склаў 10 млн 600 тыс. рублёў. (прычым 3,8 млн рублёў унёс сам прэтэндэнт). Лідар Ліберальна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч мае на рахунку 7,2 млн рублёў.

Не адчынялі выбарчыя рахункі старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька і дзейны прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнцкія выбары адбудуцца 11 кастрычніка.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі