Юрый Шаўчук: У Расіі цяпер жудасна. Вельмі шмат зла (фота)
ДДТ у Мінску персанальна павіталіся з гледачамі, распавялі пра казлоў, якія прыдумалі вайну ва Украіне, і цяжкія часы, якія спрыяюць творчасці.
ДДТ засумавалі па Мінску, відаць таму Юрый Шаўчук падчас вітальнага верша "Что мне расскажет спящий проводник" вырашае прайсціся па "Мінск-Арэне", пазнаёміцца з фэнамі і паглядзець ім ў вочы.
"Ну як канцэрт?" — не перастае цікавіцца ў публікі легендарны рокер. І не дзіва — гэта доўгачаканая сустрэча: ДДТ не прыязджалі ў беларускую сталіцу 5 гадоў, за гэты час змяніўся на палову склад. Ды і Мінск стаў іншым, заўважае Шаўчук:
"Так усё змянілася... Прыгожа. Прыгожы горад. Вельмі прыгожы. Я сёння стаяў ля вакна гатэля, паліў і назіраў, як моладзь ходзіць, трымаючыся за рукі. Такога я не бачыў нідзе. Толькі ў Мінску. Гэта цудоўна", — публіка радасна ўспрымае камплімент, а ДДТ заводзяць песню пра горад: прывітанне Мінску ад Піцера.
Шаўчук дзеліцца тым, што набалела. Кажа, што цяжкія часы перажываем, што не бывае творчасці без свабоды, што рэальнасць бывае агіднай, і што тыя, хто прыдумаў вайну на Украіне — проста казлы. Музыка шмат разважае пра Украіну і пазней, калі пасля канцэрта запрашае журналістаў да сябе ў грымёрку.
"Як пакласці сваё сэрца на гэтыя шалі, дзе на адной мір, а на другой — вайна? Я не ведаю. Не спім начамі. Пакутуем, як усе. Страшныя, цяжкія часы, і я ніяк не чакаў, што з усіх шчылін павыпаўзаюць гэтыя хлопцы, якія прагнуць вайны. Гэтыя чарнасоценцы, маргіналы. У Расіі цяпер жудасна. Вельмі шмат зла, вельмі шмат. Я ніяк не чакаў, што так можа быць! А з іншага боку, гэта вялікі досвед. Ты перажываеш такія рэчы... Думаю, зараз ірване мастацтва, таму што няма іншага выйсця ні ў рок-н-рола, ні ў паэзіі, ні ў тэатра. Так што, будзем працаваць", — аптымістычна завяршае маналог музыка.
Такім жа аптымістычным выглядае і сэт каманды, які скампіляваны з новых песень, неўміручых хітоў і трэкаў у выкананні бэк-вакалісткі ДДТ і фолк-спявачкі Алены Раманавай, якой гурт у мінулым месяцы запісаў дэбютны альбом.
"Я вельмі беражліва стаўлюся да музыкаў, таму што яны ўсе іншыя, — прызнаецца Шаўчук пасля канцэрта, гаворачы пра новы склад. — Гэта іншыя людзі, іншая моладзь. І тое што са мной, Кашчэем Неўміручым, людзі граюць — гэта вялікі гонар, таму што не з усімі грае моладзь. Мы не "завісаем" на старых творах. Нам зусім не цікава займацца чосам, бо няма ў гэтым сэнсу. Мы заўсёды шукаем гук. Новыя песні сталі жорсткімі, бо жыццё такое, бо мы, як чукчы, усё адчуваем".
Тым часам дзевяць тысяч гледачоў "Мінск-Арэны" цягам амаль трох гадзін хорам спяваюць "Последнюю осень", "Ветер", "Ленинград" і некалькі дзесятках неўміручых песень ДДТ. Танцпол і фан-зона нязвыкла напоўненыя мужчынамі і жанчынамі за 40-50.
"Я сачу ДДТ з года 85-га, — распавядае прыхільнік гурта Уладзімір. — Набываю ўсе альбомы, слухаю, хаджу на канцэрты. Апошні канцэрт гурта ў Мінску быў 30 лістапада 2010 года. Я быў на ім. А сёння цудоўны канцэрт. Выдатны, якасны гук. Шаўчук як заўсёды не падвёў. Я думаю, гэта адзін з лепшых канцэртаў, якія праходзілі ў "Арэне".
Працягваюць Дзяніс і Каця:
"Вельмі даўно чакалі ДДТ, нават ездзілі на іх у Кіеў. Некалькі збянтэжыла Алёна Раманава, шчыра кажучы, новы альбом, відаць, не вельмі ўразіў, але старыя песні вельмі душэўныя. Шаўчук, напэўна, адзін з нашых любімых артыстаў, асабліва, у тым плане, як ён умее запальваць залу. Мы слухаем яго вельмі даўно, напэўна, з апошніх класаў школы. Калі пачыналі граць на гітары ў двары. 50 адсоткаў песень былі менавіта ДДТ".
На біс Шаўчук і кампанія выходзяць аднойчы. Але на такі доўгі-доўгі біс, калі спадар Юрый пытае: "Яшчэ песню?". І лупіць адну за адной — "Ленинград", якая раптам перацякае ў "Не стреляй", "Родину"...
"Што будзе пасля нас? Ці мы пакінем кучу бруду, нянавісці і злосці, ці мы пакінем нашым дзецям і ўнукам святлейшую Беларусь, дабрэйшую Расію і цудоўную Украіну? Як вы думаеце? Правільна! Прывітанне, Святло!" — не губляе аптымізму Шаўчук і выконвае традыцыйную "Это всё". А потым скажа журналістам, што кайфануў на канцэрце: "Вы ж бачылі гэта па маёй задаволенай мордзе".