Юрый Шаўцоў: Цяперашнія ператрусы не звязаныя з ідэалогіяй

А тое, што 19 снежня вечарам у Мінску выйшла на вуліцу нашмат больш людзей, чым падавалася сацыялагічнымі апытаннямі і іншымі метадамі даследавання, — гэта наступства недапрацоўкі менавіта дзяржаўнай ідэалогіі, мяркуе палітолаг Юрый Шаўцоў. 13 студзеня 1991 г. савецкія войскі зрабілі спробу захапіць гмах Літоўскага радыё і тэлевізіі ў Вільні. Удзельнікам і сведкам тадышніх падзеяў быў беларускі палітолаг Юрый Шаўцоў.

Еўрарадыё: Як вы там апынуліся? Як згадваеце гэтыя падзеі?

Шаўцоў: Там было дзясяткі тысячаў чалавек, сярод якіх быў і я. Я быў не ля будынку тэлебачання, а каля вежы, якую штурмавалі. Якраз у гэтыя дні я пераехаў з Брэста ў Вільню, і ўсё пачалося.

Еўрарадыё: Але вы апынуліся насупраць савецкіх войскаў. Як так атрымалася, што вы апынуліся па гэтым баку?

Шаўцоў: Ну, да Літвы і літоўскіх праблемаў у мяне інтарэсу не было. Я тады быў рэзка адмоўна настроены супраць савецкіх уладаў, у асноўным з чарнобыльскіх матывацыяў. Я лічыў і дагэтуль лічу гэтую палітыку нават злачыннай. Для мяне гэта было тады натуральна і эмацыйна, таму калі падвярнулася магчымасць выказаць свае пачуцці справай, я выкарыстаў гэтую магчымасць. І я, дарэчы, не шкадую.

Еўрарадыё: Вы былі абураныя чарнобыльскай палітыкай савецкай улады. А як вы ставіліся да самой яе?

Шаўцоў: Ды ніяк, па сутнасці. Я быў вельмі малады чалавек, мне было 24 гады. Ну, што я мог пра ўладу сур’ёзна  думаць? Чытаў кніжкі, артыкулы ў газетах, дый усё. Ідэалагічныя пытанні мяне мала цікавілі. А вось па чарнобыльскім пытанні ў мяне была (можа, і занадта вялікая) зацятасць.  

Еўрарадыё:  Тады вас ідэалагічныя пытанні не цікавілі?

Шаўцоў: Цяпер болей. Зрэшты, прайшло 20 гадоў.

Еўрарадыё: А днямі вы разам з Вадзімам Гігіным, галоўным рэдактарам афіцыйнага часопіса “Беларуская думка” , якога называюць “адбельвальнікам улады”, удзельнічалі ў круглым стале афіцыйных ідэолагаў. Вас клічуць праўладным ідэолагам. Як вы да гэтага ставіцеся і ўвогуле да ідэалогіі сучаснай беларускай дзяржавы?

Шаўцоў: Я спакойна стаўлюся да крытыкі з боку тых, хто нязгодны з маімі падыходамі. Што тычыцца ідэалогіі, дык я асабліва ідэалогіі ў Беларусі ня бачу. Гэта, можа, адна з галоўных праблемаў дзяржавы, краіны, супольнасці, што сістэма каштоўнасцяў, якая падтрымліваецца дзяржавай і развіваецца, не вельмі вызначаная. Гэта дае большыя магчымасці для хуткіх тактычных рухаў. Напрыклад, то нармалізуем стасункі з Захадам, то наадварот. Адсутнасць ідэалогіі дапамагае выконваць палітычны манеўр. Але ў гэтым ёсць і хіба. Гэта адчужэнне грамадства, якое можа саспець знутры,  як гэта адбылося ў СССР.

Еўрарадыё: Вы сваімі словамі пра асутнасць ідэалогіі быццам сцвярджаеце, што ідэалагічныя аддзелы, якія ёсць паўсюдна, дарма атрымліваюць грошы...

Шаўцоў: Гэта ж ідэалагічная вертыкаль адміністрацыі. Гэта значыць, што асноўная частка супрацоўнікаў ідэалагічнай вертыкалі апрыёры выконвае ўстаноўкі, якія спускаюцца зверху. Яны не палітычныя дзеячы ў тым сэнсе, у якім прынята ў публічных палітыкаў. Чакаць ад іх ініцыятывы няправільна. Праблема не ў гэтых людзях — праблема ў тым, што ў кіраўніцтва нашай дзяржавы, на жаль, увага да гэтага пытання меншая, чым трэба. І вось тое, што 19 снежня вечарам выйшла на вуліцу нашмат больш людзей, чым падавалася сацыялагічнымі апытаннямі і іншымі метадамі даследавання, – гэта наступства недапрацоўкі менавіта дзяржаўнай ідэалогіі, мне здаецца.

Еўрарадыё: А як бы вы акрэслілі тое, што адбываецца ад 19 снежня па сённяшні дзень – цяганіна ў КДБ і ператрусы?

Шаўцоў: Ідзе следства. Ідэалогія да следства дачынення не мае. Да ідэалогіі мае дачыненне тое, што значная маса людзей, якія выйшлі на вуліцы 19 снежня, да апазіцыі як да структуры адносінаў не мае. Гэтыя людзі франдзіравалі, іх пратэставыя настроі мелі і маюць характар ролевай гульні, сімпатый, антыпатый. Гэта былі людзі, не схільныя да нейкай актыўнай дзейнасці. І я лічу, што гэта ідэалагічная недапрацоўка. Бо ёсць механізмы працы з людзьмі, супольнасцямі, ёсць СМІ, ідэалагічная вертыкаль. І тое, што яны дапусцілі такія вялікія пратэстныя настроі, – гэта хібы іх працы.


Фота: Справедливость

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі