З Беларусі за правапарушэнне высылаюць чарговага расіяніна

З Беларусі за правапарушэнне высылаюць чарговага расіяніна

Буда-Кашалёўскі РАУС вырашыў выслаць на пяць гадоў 38-гадовага грамадзяніна Расіі Уладзіміра Траўтэра. Як перадае Радыё "Свабода", мужчына жыве ў Беларусі 26 гадоў, мае тут сталую працу, сям’ю, дом, вялікую гаспадарку і крэдыт.

Траўтэр нарадзіўся ў Казахстане, жыў з бацькамі ў Расіі, у 1993 годзе сям’я пераехала ў Беларусь. Тут Уладзімір ажаніўся з беларускай Марыяй, у іх нарадзіўся сын Арцём, якому цяпер 17 гадоў. 

Сям’я Траўтэраў жыве ў вёсцы Губічы Буда-Кашалёўскага раёна. У суседняй вёсцы Нядойка жывуць старая хворая маці Уладзіміра і яго айчым. Сам Траўтэр 17 гадоў працуе жывёлаводам у мясцовай гаспадарцы.

23 лютага супрацоўнікі ДАІ спынілі аўтамабіль, якім кіраваў Траўтэр, і выявілі ў яго астаткавы стан алкагольнага ап’янення. Мужчына кажа, што напярэдадні ў яго былі госці, з якімі ён разам выпіваў. "Я назаўтра не задумаўся, што можа нешта паказаць у крыві, паехаў у краму па цыгарэты. Спынілі супрацоўнікі ДАІ. Склалі пратаколы — за тое, што размаўляў па тэлефоне ў час руху, і за астаткавы алкаголь", — прызнаецца ён.

У Траўтэра забралі правы, аштрафалі на 1275 рублёў. А потым аддзел па грамадзянстве і міграцыі РАУС вырашыў яшчэ і дэпартаваць яго на пяць гадоў. Пакінуць краіну ён абавязаны да 9 траўня.

Мужчына кажа, што ў Расіі ў яго нікога няма. Ён склаў скаргу ў абласную міліцыю з дапамогай праваабаронцы Леаніда Судаленкі. "Я і характарыстыкі пабраў — з месца жыхарства, працы, усе яны добрыя. Работнікі нашай гаспадаркі сабралі подпісы ў маю абарону. Уся вёска за мяне. Хай бы мне больш штрафу далі. Колькі гадоў усё гэта цяжкай працай нажывалася", — бядуе Траўтэр.

Жонка Марыя таксама ў разгубленасці. "Не магу ўявіць, што будзе з намі. Дый за што мы будзем жыць, сына вучыць, крэдыт плаціць? Хоць бы пашкадавалі нас. Хоць бы не высылалі", — кажа жанчына.

Як распавядала Еўрарадыё, напрыканцы 2018 года некалькі падобных высылак расіян з гомельскіх вёсак скончыліся самагубствам. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі