З цэнтралізаванага іспыту 21 траўня выдалілі сем чалавек

Цэнтралізаваны іспыт / sb.by
Цэнтралізаваны іспыт / sb.by

21 траўня з цэнтралізаванага іспыту выдаллілі 7 адзінаццацікласнікаў. Такую лічбу назвала журналістам супрацоўніца Мінадукацыі Ірына Каржова. Па яе словах, якія перадае "СБ. Беларусь сегодня", пяцярых вучняў выдалілі за шпаргалкі, а яшчэ два чалавекі былі выдаленыя за выкарыстанне мабільнікаў.

"Не дапускаецца праносіць з сабой любыя прадметы, акрамя ручкі з чорнымі чарніламі, дакумента, які сведчыць асобу і пропуску. На іспытах па хіміі або фізіцы можна мець пры сабе калькулятар без функцыі захоўвання інфармацыі. Парушэнне правіла цягне за сабой выдаленне з іспыту", — нагадала чыноўніца.

Выдаленыя з цэнтралізаванага іспыту змогуць прайсці яго цяпер толькі 21 і 23 жніўня. Атэстат за сярэднюю школу яны атрымаюць, але ва ўступнай кампаніі сёлета паўдзельнічаць не паспеюць.

Па словах Каржовай, факт выдалення не паўплывае на адзнаку, якую вучні атрымаюць падчас іспыту. У атэстат ім выставяць сярэднеарыфметычнае гадавой адзнакі і атрыманай на цэнтралізаваным іспыце.

На цэнтралізаваны іспыт 21 траўня зарэгістравалася 53 259 чалавек. Не з'явіліся ці не былі дапушчаныя да яго 183 навучэнцаў.

Дарэчы, на першым іспыце 14 траўня — па беларускай ці рускай мове — нікога за парушэнне інструкцыі не выдалялі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі