З нагоды судзейства над Кушнірам Лукашэнка ўначы "падняў па трывозе" МЗС
Аляксандр Лукашэнка накіраваў прэзідэнту Міжнароднага алімпійскага камітэта Томасу Баху прэтэнзіі наконт судзейства ў дачыненні да беларускага фрыстайліста Антона Кушніра. Пра гэта кіраўнік дзяржавы заявіў журналістам пасля галасавання на мясцовых выбарах.
"Наша федэрацыя спрабавала пасля гэтага падаць пратэст, перагаварыць па-добраму са сваімі калегамі ў Пхёнчхане — міжнароднай федэрацыяй. Адказ быў ясна які. Мне давялося ўначы падняць па трывозе МЗС, задзейнічаць амбасаду ў Рэспубліцы Карэя. Накіраваць неадкладна ўрадавую тэлеграму ў адрас Баха. Выказаў яму ўсё, як я думаю, у мяккай форме. Мы гэта ўсё апублікуем. Мы хаваць гэта не будзем", — прыводзіць БЕЛТА словы Лукашэнкі.
Кіраўнік Беларусі заявіў, што яму ўжо тэлефанавалі з офіса кіраўніка МАК і паведамілі, што далі каманду разабрацца і прыняць меры. Па словах Лукашэнкі, абураная ўся спартыўная грамадскасць. "Ідуць сігналы, што гэта ненармальна", — дадаў Лукашэнка.
Ён падкрэсліў, што прэтэнзіі на адрас кіраўніцтва МАК ён падпісаў не толькі як прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта, але і як кіраўнік дзяржавы.
На думку Лукашэнкі, рашэнне наконт Кушніра тлумачыцца палітычнымі матывамі. Ён выказаў намер вырашаць праблему на ўзроўні МАК.
"Я не думаю, што там будуць прынятыя ў нашу карысць рашэнні. Калі гэтых рашэнняў не будзе, што далей... Значыць, думаю, што гэтая гутарка разам з іншымі размовамі і пытаннямі, якія ўзніклі ў міжнародным спорце, трэба перанесці на пляцоўку Міжнароднага алімпійскага камітэта. За гэтыя 20 гадоў, што я працую прэзідэнтам НАК, я ні разу не быў на гэтых сесіях, але думаю, што мне трэба там у бліжэйшы час пабываць, каб гэтае соннае палітызаванае царства трошкі разварушыць. Занадта добра жывецца. Дзеляць гэтых людзей загадзя па рангах, і пачынаюць дзяліць медалі: хто мацней палітычна, той і атрымлівае медаль. Так быць не павінна!" — заявіў кіраўнік дзяржавы.
Нагадаем, што беларускі фрыстайліст Антон Кушнір не прайшоў у фінал спаборніцтваў на Алімпіядзе.