З палітвязнем Сяргеем Ціханоўскім няма сувязі больш за 600 дзён
Сяргей Ціханоўскі ў зняволенні / Кадр з відэа
З палітвязнем Сяргеем Ціханоўскім няма сувязі больш за 600 дзён. Пра гэта ў інтэрв’ю TVP World распавяла яго жонка Святлана Ціханоўская.
"Мой муж ужо чатыры гады не атрымліваў ніякіх пасылак, — гаворыць яна. — Уявіце сабе гэтую турэмную ежу, без вітамінаў. Думаю, ён моцна схуднеў. Вядома, што ва ўсіх палітвязняў узнікаюць праблемы са здароўем, з зубамі, з вачыма. Іх вельмі часта саджаюць у карцары, у іх няма ні падушак, ні коўдраў, нічога".
Ціханоўская падкрэсліла, што "Сяргей — адзін з самых моцных людзей", якіх яна сустракала. Спачатку яна казала дзецям, што іх тата ў камандзіроўцы.
"Але потым я вырашыла расказаць ім праўду: Сяргей у турме, але не таму што ён злачынец, а таму што іх тата — сумленны чалавек, які адважыўся кінуць выклік рэжыму, — распавядае Ціханоўская. — Ён зрабіў гэта дзеля іх будучыні. Яны плакалі некалькі дзён, але прынялі гэта. І з тых часоў мая задача — зрабіць так, каб тата ўсё роўна прысутнічаў у жыцці маіх дзяцей: мы ўвесь час глядзім відэа з яго блога на YouTube, а наша дачка піша лісты тату на кожнае свята".
Сяргей Ціханоўскі — блогер, які ў 2020-м хацеў балатавацца ў прэзідэнты Беларусі, але яго да выбараў не дапусцілі (тады вылучыла сваю кандыдатуру Святлана Ціханоўская). Ён быў затрыманы 29 траўня 2020 года на перадвыбарчым пікеце ў Гродне пасля правакацыі. У снежні 2021-га асуджаны закрытым судом на 18 гадоў пазбаўлення волі. Потым яго перавялі на турэмны рэжым і прызначылі яшчэ 1,5 года зняволення.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.