За цюльпан каля мемарыяла Тарайкоўскага далі штраф 4350 рублёў
78-гадовую пенсіянерку Галіну Іванову аштрафавалі на 4350 рублёў за адзін цюльпан, пакладзены каля народнага мемарыяла Аляксандра Тарайкоўскага ў Мінску каля станцыі метро "Пушкінская". Як паведамляе тэлеграм-канал @viasnanazirae, 31 траўня адміністрацыйную справу разглядаў суд Фрунзенскага раёна (суддзя — Марыя Ярохіна).
Жанчыну затрымалі яшчэ 16 траўня і абвінавацілі ў "пікетаванні, шляхам узняцця рукі ўверх і ўскладання аднаго цюльпана". У міліцыі высветлілі, што гэта ўжо другое затрыманне Івановай за год, раней яе затрымалі на Маршы пенсіянераў і аштрафавалі на 600 рублёў (штраф спісалі з пенсіі).
У судзе пенсіянерка спыталася: "Ці ёсць закон, які забараняе класці кветкі?". Суддзя Ярохіна абурылася і параіла спытаць у юрыстаў. Міліцыянер на судзе пацвердзіў, што асабіста бачыў, як пенсіянерка каля дарогі спрабавала прыцягнуць да сябе ўвагу кіроўцаў аўтамабіляў. Галіна Іванова, слухаючы паказанні сведкі, смяялася. Яна прызналася, што не разумее, як ён можа хлусіць, гледзячы ёй у вочы.
34-гадовы Аляксандр Тарайкоўскі быў застрэлены ўвечары 10 жніўня 2020-га, калі сілавікі штурмавалі імправізаваныя барыкады на вуліцы Прытыцкага. За забойства дагэтуль ніхто не пакараны. Каля станцыі метро "Пушкінская" ўзнік народны мемарыял, які ўлады ліквідавалі і не дапускаюць ускладання там кветак, затрымліваюць людзей і караюць іх.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.