За мінулы год у банк вакансій Мінпрацы звярталіся 2 мільёны разоў

За мінулы год у банк вакансій Мінпрацы звярталіся 2 мільёны разоў

Колькасць наведванняў агульнарэспубліканскага банка вакансій за 2015 год узрасла да 2 мільёнаў. Пра гэта паведамляе БЕЛТА са спасылкай на ўпраўленне палітыкі занятасці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Беларусі. Банк вакансій размешчаны на сайце ведамства, абнаўляецца штодня і забяспечвае шырокі доступ насельніцтва да інфармацыі пра свабодныя працоўныя месцы.

Як адзначаюць спецыялісты Мінпрацы, запатрабаванасць такой інфармацыі расце. Калі ў 2014 годзе зафіксавалі крыху болей за мільён наведванняў, то ў 2015 годзе іх было 2 мільёны. Сёлета тэндэнцыя захавалася: у студзені было болей за 210 тысяч наведванняў.

Апроч банка вакансій летась пачаў працаваць партал дзяржаўнай службы занятасці насельніцтва, які дазваляе наймальнікам самастойна размяшчаць абвесткі пра наяўнасць у іх свабодных працоўных месцаў.

Адметна, што пры росце зваротаў да банка вакансій за год зменшылася колькасць заяўленых свабодных месцаў — на пачатак года іх было 28,7 тысячы (на 14,6% меней, чым у пачатку 2015 года). Пры гэтым адзначаецца зніжэнне колькасці вакансій па рабочых спецыяльнасцях, а патрэба ў кваліфікаваных супрацоўніках наадварот павышаецца.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі