За надпіс на мемарыяле Тарайкоўскага на мінчанку пачалі крымінальную справу

За надпіс на мемарыяле Тарайкоўскага на мінчанку пачалі крымінальную справу

На 25-гадовую Марыю Бабовіч пачалі крымінальную справу за надпіс на народным мемарыяле Александра Тарайкоўскага, паведамляе TUT.by.

9 верасня дзяўчыну затрымалі, калі яна напісала грунтоўкай літары "Не" ў надпісе "Не забудзем" каля станцыі метро "Пушкінская". Яна і яшчэ адзін мянчук аднаўлялі надпіс на мемарыяле Тарайкоўскаму. 

Дзеянні дзяўчыны знятла камера відэаназірання. Міліцыянты завезлі затрыманых у Фрунзенскае РУУС. Ноч яны правялі ў камеры. Зранку на іх склалі пратаколы за хуліганства. Бабовіч падпісала пратакол, бо не бачыла сэнсу адмаўляць. Копію дакумента дзяўчыне не далі.

Пазней мінчанку зноў выклікалі даваць паказанні, і яна пабачыла, што ў пастанове пазначаны іншы артыкул абвінавачання "Апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці (арт.341 КК). У пастанове было пазначана, што падазраваныя псаваннем маёмасці прычынілі "Гаррэамаўтадору Мінгарвыканкама" шкоду ў 10 182 рублі 52 капейкі (больш за 377 базавых велічыняў).

Дзяўчына шакаваная, што за дзве літары на асфальце ёй пагражае крымінальная адказнасць. Да таго ж, яна звяртае ўвагу, што пісала грунтоўкай, якая лёгка змываецца вадой. 

Адвакат Марыі Андрэй Мачалаў лічыць артыкул абвінавачання неабгрунтаваным. 

"У маім разуменні гэты артыкул таксама ніяк не падыходзіць, але хаця б па сэнсе гэта бліжэй да таго, што было зроблена. У судзе мы будзем даказваць, што гэта была часовая грунтоўка, фарба, якая да сённяшняга дня змылася вадой. Акрамя таго, апаганьванне будынкаў і збудаванняў і малюнкі вадзяной фарбай на асфальце — гэта абсалютна розныя несупастаўныя рэчы", — заяўляе ён. Абаронца мяркуе, што крымінальны артыкул і вялікая налічаная сума шкоды з'яўляюцца формай ціску на ўдзельнікаў акцый пратэсту.

Аляксандр Тарайкоўскі загінуў на акцыі пратэсту 10 жніўня каля станцыі метро "Пушкінская". Як было бачна на відэа, сілавікі стралялі ў бяззбройнага пратэстоўца, які стаяў з раскінутымі рукамі. Пасля гэтага каля месца яго гібелі з'явіўся народны мемарыял, куды людзі штодня прыносяць кветкі. На тратуары быў зроблены надпіс "Не забудзем", з якім беспаспяхова змагаюцца камунальнікі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі