“За што б ні ўзяўся Лявон Вольскі — заўсёды атрымліваецца неверагодна”

Пад сцэнай віленскай Teatro Arena публіка скандуе гучнае “Ля-вон, Ля-вон”. Нехта дастойвае чаргу па піва тут жа, у зале, нехта у фае па-хуткаму прымярае вышыванку ці цішотку з выявай Лявона Вольскага, такой, як на альбоме “Грамадазнаўства”.

Гасне святло. На чорным фоне бягуць белыя і чырвоныя тэксты самага бескампраміснага альбома Вольскага. Беларускі рокер разам з нарвежскімі калегамі па парадку выдае “Грамадазнаўства”.


Жорсткія твары, якіх амаль не бачна за пульсуючымі ў такт музыцы сафітамі. Сур’ёзны і некалькі нязвыклы Вольскі. Адчуванне холаду і безвыходнасці: “Нам не трэба болей волі. Нам і гэтае даволі, дастаткова болей чым”.


“У 90-х пачатку 2000-х, здаецца, уплыў Лявона на розум беларусаў быў больш магутны. Але і цяпер, натуральна, свае пазіцыі ён не здае, робіць новыя песні і новыя праекты для нашай культуры, — разважае прыхільнік Лявона Вольскага Сяргей перад канцэртам, — у яго, думаю, шмат прыхільнікаў не толькі сярод тых, каму пад 40, а і вельмі маладых беларусаў. Жыццё — складаная рэч. Бываюць пад’ёмы і спады. Але Лявон рухаецца ў правільным накірунку. Сваё месца ў нашай беларускай культуры ён ужо заняў і працягвае трымаць пазіцыі. Але, думаю, усю глыбіню яго постаці мы ўсвядомім канчаткова праз пэўны час”.

Дзве з паловай тысячы гледачоў падтрымліваюць кожную песню Лявона, які даўно не грае маштабных канцэртаў на Радзіме і які вельмі рупліва рыхтуецца да сустрэчы ў Вільні. Рэжысёрам канцэрта выступае музыка і саўнд-прадзюсар Снорэ Бергеруд, які грае на гітары разам з Лявонам.


“У мяне ёсць сябар у Нарвегіі, які жыў у Расіі, і які калекцыянаваў розную рок-музыку. Ён прывёз шмат дыскаў, і адзін з іх быў дыск “Крамбамбулі”. Першы раз я пачуў іх 5-6 гадоў таму, — кажа Снорэ. — Калі Лявон прыехаў у Нарвегію, у студыю, так атрымалася, што ён ведаў там людзей, якіх ведаў і я таксама. Так мы дамовіліся пра запіс альбома і пра гэты выступ. Я лічу, што Лявон — фантастычны сонграйтар! Я думаю, што ён піша вельмі-вельмі крутую музыку, і я буду вельмі рад зноў супрацоўнічаць з ім у будучым”.

Пасля 15-хвіліннай паўзы сцэна змяняе фон на бел-чырвона-белы. Замест строгай чорнай вопраткі Лявон апранае чырвоную кашулю, падраныя джынсы і кеды. Нардычныя музыкі-вікінгі саступаюць месцы вясёлым беларусам і пачынаецца сапраўдная “адтапырка”, якая ўключае 22 песні Лявона ўсіх часоў.


“Я думаў, што ўсе паедуць у Беласток па тэлевізары, але не. Дзякуй вам за гэта!” — жартуе са сцэны Лявон Вольскі і пачынае са знакамітай мроеўскай “Зямлі”. Гучаць энэрэмаўскія “Партызанская”, “Фабрыка”, “Паветраны шар”, зэтаўскія “Геадэзія-картаграфія” і “Айчына”, мроеўская “28 зорка”. Аднак часта з першых тактаў вядомыя з дзяцінства песні не пазнаць!


“Вельмі спадабалася, што аранжыроўкі, якія сёння прагучалі, былі абсалютна сучаснымі, — мяркуе лідар гурта Haina Ілля Паплёўка.І было такое адчуванне, што мы знаходзімся на канцэрце актуальнага гурта, які рэальна існуе. Можа, яны альбом рыхтуюць, можа, яны прэзентавалі сёння свой альбом? Было незразумела. Але таксама было адчуванне, што мы сапраўды трапілі ў эпіцэнтр падзей. І было нават складана зразумець, што за песні гучаць з-за нязвыклых пачаткаў і пройгрышаў. Гэта ўсё гучала па-новаму, акрамя, канешне, тэкстаў і вакала Лявона Вольскага — ён застаўся нязменным”.

Пасярод канцэрта вокліч “Жыве Беларусь”, які запаўняе паўзы, калі Лявон настройвае гітару, змяняецца на “Слава Украіне”. Лявон просіць прабачэння за свой “украінскі пранонс” і выконвае “Вставай” “Океана Ельзи”. Публіка ўзрываецца новымі эмоцыямі. На канец пакідаюцца баявікі кшталту “Песні пра каханне”, “Одзірыдзідзіны” і “Тры чарапахі”.


“Падчас таго, як ён быў лідарам N.R.M., падавалася, што ён заняў сваю нішу і адбыўся як творца. Але пасля таго, як ён пачаў рэалізоўваць праекты на вершы беларускіх паэтаў, ён заззяў з іншага боку, — усміхаецца прыхільніца Таццяна, якая праехала на канцэрт з Койданава. — За што ён не ўзяўся б, гэта неверагодна. Усё што ён робіць, ён робіць выдатна”.

На біс Лявон Вольскі выконвае “Простыя словы”, песню, якую найчасцей на канцэртах замаўляюць гледачы. Асцярожнасць і хваляванне Вольскага саступаюць месца абсалютнай радасці. Усё атрымалася!


“Класны канцэрт атрымаўся. І такое адчуванне, што людзі сапраўды ўжыліся ў ролі, якія яны выконвалі. Гэта нашмат лепш, чым N.R.M., бо N.R.M. па выкананні ніколі б да такога ўзроўню не дайшлі. Гэта ідэальны канцэрт такога фармату”, — рэзюмуе Ілля Паплёўка.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі