За сярэдні заробак у Беларусі камуналку можна аплаціць 14 разоў, у Літве — 3,5

За сярэдні заробак у Беларусі камуналку можна аплаціць 14 разоў, у Літве — 3,5

Мінчанка Марыя плаціць за камуналку ў аднапакаёўцы (38 м²) на ўскрайку сталіцы 529,7 тысяч рублёў.

За тэхнічнае абслугоўванне ў студзені выходзіць 38 тысяч, санітарнае ўтрыманне дадатковых памяшканняў — 20,5 тысяч, 33 тысячы налічана за рамонт, ацяпленне цягне на 97,6 тысяч,  вада і каналізацыя (4,16 м³) — на 14 тысяч і яшчэ 11 тысяч — за гарачую ваду. Вываз смецця (0,5 м³) — 33 тысячы, ліфт — 23,4. За дадатковыя камунальныя паслугі (кабельнае тэлебачанне, дамафон і г.д.) налічана яшчэ амаль 120 тысяч. І каля 121 тысячы ідзе на аплату электрычнасці. Такая адносна невысокая камуналка атрымліваецца яшчэ і таму, што ў кватэры Марыі прапісаныя тры асобы.

За сярэдні заробак у Беларусі камуналку можна аплаціць 14 разоў, у Літве — 3,5
Жыроўка, якую атрымала Марыя ў студзені.

Прыблізна за такую ж кватэру, толькі ўжо ў цэнтры Кіева, Яна атрымала студзеньскую жыроўку ў 402 тысячы на беларускія (гэта 497 грыўняў). Дзяўчына здымае кватэру, афіцыйна ў ёй ніхто не прапісаны, а значыць, за гарачую ваду яна не плаціць нічога. А вось за ўтрыманне будынкаў і навакольнай тэрыторыі кіяўлянка аддае напоўніцу — 222 тысяч (275 грыўняў). За ваду і каналізацыю (14 м³) — 98 тысяч, ці 121,6 грыўні (атрымліваецца ўдвая даражэй, чым у Марыі). За электрычнасць (56 кВт/г) атрымліваецца 20,6 тысяч (25,5 грыўняў). Да таго ж амаль 61 тысяча рублёў налічваецца за кансьержку (75 грыўняў).

За сярэдні заробак у Беларусі камуналку можна аплаціць 14 разоў, у Літве — 3,5
Жыроўка, якую ў студзені атрымала жыхарка Кіева Яна.

Ганна здымае кватэру ў Варшаве плошчаю 47 м² і плаціць за камуналку амаль 3,4 мільёна, калі пералічваць у беларускія рублі (621 злоты). Больш за ўсё яна аддае за ацяпленне — 574 тысячы (104,5 злотых). Гэта больш, чым уся мінская жыроўка Марыі! Нямала атрымліваецца і за халодную ваду, за 8 м³ — 505 тысяч (92 злотых). Гарачая вада яшчэ даражэйшая — 4 м³ цягне на 396 тысяч (72 злотых). Вываз смецця каштуе 104 тысячы (19 злотых).

Каля 1,4 млн (190 злотых) налічана за дадатковыя паслугі. Акрамя прыбірання пад’езда і абслугоўвання ліфта туды ўваходзяць такія незвычайныя для беларускіх жыхароў рэчы, як догляд раслінаў, штогадовая рэвізія газавай і вентыляцыйнай сістэмы, а таксама прэміі супрацоўнікам жыллёвага кааператыву. 121 тысяча (22 злотых) ідзе на ўтрыманне падземнага гаража, яшчэ 1,1 млн (202 злотых) — электрычнасць.

У Польшчы камунальныя паслугі насельніцтву аказваюць спецыяльныя кааператывы, якія аб’ядноўваюць некалькі жылых будынкаў, а не ЖЭСы, як у Беларусі.

За сярэдні заробак у Беларусі камуналку можна аплаціць 14 разоў, у Літве — 3,5
Жыроўка Ганны, якая жыве ў Варшаве.

Ганна кажа, што польскія спажыўцы плацяць за камунальныя паслугі 100%, дзяржава субсідыяў не дае. Аплата залежыць ад плошчы кватэры і колькасці людзей, што жыве ў ёй. Таксама ролю грае ўзрост будынка.

“Дамы, якія будаваліся ў 19501970 гады, цяпер у кепскім стане і патрабуюць рамонту. І трэба дадаткова збіраць грошы на рамонт. У Польшчы няма капітальнага рамонту за кошт дзяржавы. То бок ёсць толькі грошы, якія самі жыхары збіраюць, каб у пэўны момант адрамантаваць, напрыклад, фасад свайго дома”, — кажа дзяўчына.

Ганна кажа, што не заўважае змянення тарыфаў апошнім часам.

“Я, шчыра кажучы, не надта заўважала, каб што-небудзь падвышалася або паніжалася. Вялікага росту цэнаў я ўвогуле не ўспомню”, — тлумачыць Ганна. 

За сярэдні заробак у Беларусі камуналку можна аплаціць 14 разоў, у Літве — 3,5
Скрыншот аплаты камунальных паслугаў Ігара, які жыве ў Вільні.

Жыхар Вільні Ігар плаціць за камуналку ў віленскай кватэры 4,9 млн рублёў (204,01 еўра). Больш за ўсё цягне ацяпленне — 3,1 млн (130 еўра). Гэта ў 5,5 разоў больш, чым уся жыроўка Марыі! За электрычнасць (407 кВт/г) атрымліваецца 1,2 млн (52,1 еўра). Нямала каштуе і вада, гарачая — 117 тысяч (4,85 еўра), халодная — 411 тысяч (17,10 еўра).

Хлопец кажа, што велічыня жыроўкі моцна залежыць ад энергазахоўвальнай здольнасці будынка. Бо ацяпленне складае больш за 60% ад кошту камунальных паслугаў. У сучасным будынку на “цеплыні” можна эканоміць каля 100 еўра!

За сярэдні заробак у Беларусі камуналку можна аплаціць 14 разоў, у Літве — 3,5
Новыя кварталы Вільні. Фота: maxim-nm.livejournal.com

Ігар распавядае таксама, што дзяржава выдзяляе субсідыі толькі асобным групам насельніцтва, да прыкладу, пенсіянерам.

“Наколькі я ведаю, калі ты пенсіянер, ты плаціш частку камунальных плацяжоў. Недзе адсоткаў 40-50 атрымліваецца. А калі ты не пенсіянер, дык увесь кошт аплачваеш сам”.

У адрозненне ад Польшчы, кошт камунальных паслугаў у Літве часам значна змяняецца.

“Напрыклад, ацяпленне з гэтага года стала больш каштаваць еўра на 20. Вада стала крыху меней”.

На сярэдні літоўскі заробак, які роўны 714 еўра (ці 17,2 млн рублёў), камуналку ў Вільні можна аплаціць толькі 3,5 разы.

За сярэдні польскі заробак, які складае 3900 злотых (21,4 млн рублёў) такую камуналку, як у Ганны, можна аплаціць 6,2 разу.

Сярэдні заробак ва Украіне роўны 5230 грыўняў (4,2 млн рублёў). Яніну студзеньскую жыроўку за яго можна аплаціць 10,5 разоў.

У Беларусі сярэдні заробак складае 7,4 млн рублёў. Такім чынам, за яго можна аплаціць камунальны рахунак Марыі 14 разоў. 

У нашай краіне велічыня жыроўкі залежыць і ад колькасці зарэгістраваных у кватэры людзей. Калі здымаць жыллё, у якім не прапісаны ніводны чалавек, камуналка можа павялічыцца ў некалькі разоў і дасягнуць польскага ўзроўню.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі