За топлес на пляжы штрафуюць толькі ў Беларусі
Кіеўская паліцыя: “Натуральна, нудыстаў там ніхто не ганяе і не чапае, яны ж не абражаюць грамадства сваім выглядам”.
Адвакатка Наталля некалькі разоў працавала над судовымі справамі затрыманых у Мінску нудыстаў. Па яе словах, прысуд заўсёды аднолькавы — дробнае хуліганства.
“Гэта заўсёды парушэнне норм агульнапрынятых у нас правілаў паводзінаў. Увогуле, артыкул “Дробнае хуліганства” вельмі шырокі, такі, гумовы артыкул. Пад яго можна падвесці ўсё што заўгодна, у тым ліку, і загаранне топлес, — з усмешкай кажа Наталля. — З гэтым нічога не зробіш. Іншае пытанне, чаму ў нас дагэтуль змагаюцца з тым, што было б і танней і прасцей, як ва ўсіх еўрапейскіх краінах, дазволіць, але ў асобных месцах”.
У цэнтры Кіева, у зоне адпачынку “Гідрапарк” на Дняпры знаходзіцца неафіцыйны нудысцкі пляж, пра які ведаюць усе мясцовыя жыхары і, натуральна, праваахоўнікі.
“Гэты пляж існуе я не ведаю колькі… мільён гадоў, шчыра кажучы, — кажа Еўрарадыё прэс-афіцэр кіеўскага УУС. — Натуральна, нудыстаў там ніхто не ганяе і не чапае, яны ж не абражаюць грамадства сваім выглядам. Там жа збіраюцца тыя, хто лічыць такі выгляд абсалютна нармальным”.
Нудысцкі пляж у Харватыі
Нудысцкі пляж у ЗША
Нудысцкі пляж у Мексіцы
Адзіны довад абароны на судах над мінскімі нудыстамі: людзі, якія жадаюць загараць топлес, звычайна групуюцца, хаваюцца пад кустамі, недзе падалей ад іншых адпачываючых і нікому не перашкаджаюць. Па словах адвакаткі, звычайна звяртаюцца са скаргамі ў міліцыю жанчыны старэйшага ўзросту.
Паліцэйскі іспанскага гарадка Сіджэс кажа Еўрарадыё, што для нудыстаў у краіне ёсць адмысловыя пляжы. Вакол Сіджэса такіх ажно два. Гэта дазволена на афіцыйным узроўні:
“Галоўнае падчас знаходжання на пляжы топлес — узаемапавага. Калі такі знешні выгляд нікога не крыўдзіць, такі фармат загару дазваляецца. Галоўнае, каб побач не было дзяцей, і каб асоба, якая загарае топлес, паводзіла сябе прыстойна”, — тлумачыць паліцэйскі.
Нудысцкі пляж у Іспаніі
Нудысцкі пляж у Даніі
Нудысцкі пляж у Францыі
Не вельмі шануюць напаўаголенае загаранне і ў нашых усходніх суседзяў. У паліцэйскім упраўленні Сочы прызнаюцца, што на іх узбярэжжы даўно не сустракалі дзяўчын топлес, а нудысцкіх пляжаў побач з горадам проста няма.
“Усе культурна, усё па-гарадскому ў нас, — каментуе прэс-афіцэр Сочынскага УУС. — Колькі хаджу на пляжы, ніколі не бачыў. Ведаеце, Каўказ — справа такая… складаная. Тут так не заведзена. На пачатку 90-х былі нудысцкія пляжы, але гэта вельмі хутка выйшла з моды. Нават без адміністрацыйнага ўмяшальніцтва”.
Адпаведна, і штрафаў у Сочы за знаходжанне топлес нікому не выпісваюць. Цікава, што ў Турцыі, куды так любяць ездзіць адпачываць беларусы, таксама не заведзена з’яўляцца на пляжы напаўаголенай. Што будзе ў выпадку парушэння гэтага негалоснага правіла, ніхто сказаць не можа.
Нудысцкі пляж у Расіі (Краснадарскі край)
Нудысцкі пляж у Грэцыі
Нудысцкі пляж у Чарнагорыі
Нагадаем, у мінулую суботу на пляжы Мінскага мора адбылася сутычка адпачываючых і АМАПа. Супрацоўнікі міліцыі папрасілі апрануцца дзяўчыну, якая загарала топлес, а пасля адмовы прапанавалі ёй прайсці ў машыну. У справу ўмяшаліся іншыя адпачываючыя, завязалася невялікая патасоўка, у выніку якой яшчэ адну сямейную пару звезлі з пляжа на хуткай. На наступны дзень у інтэрнэце з’явілася відэа сутычкі. Нягледзячы на спрэчныя дзеянні праваахоўнікаў, МУС вырашыў немэтазгодным пачынаць унутраную праверку.