За забойства 14-гадовай школьніцы мінчук атрымаў 15 гадоў зняволення
За забойства 14-гадовай школьніцы 24-гадовы мінчук атрымаў 15 гадоў зняволення ў папраўчай калоніі ўзмоцненага рэжыму (дзяржабвінаваўца прасіў для яго 17 гадоў). Такое рашэнне 3 красавіка вынес суд Маладзечанскага раёна, інфармуе БЕЛТА. Мужчыну прызналі вінаватым па двух артыкулах — “забойства” і “здзек над трупам”. Сваю віну ён цалкам прызнаў, але паказанні даваць не захацеў, маўчаў. Згодна з комплекснай псіхолага-псіхіятрычнай экспертызай, абвінавачаны аддаваў справаздачу сваім дзеянням і мог імі кіраваць. Таксама з яго спагналі 100 тысяч рублёў маральнай шкоды на карысць пацярпелага боку. Прысуд яшчэ можа быць абскарджаны.
Як паведамляла Еўрарадыё, школьніцу з Вязынкі шукалі з вечара 29 ліпеня 2017 года. Яе цела з прыкметамі гвалтоўнай смерці знайшлі 1 жніўня ў лесе. Неўзабаве быў затрыманы падазраваны ў забойстве — ён быў у адной кампаніі з дзяўчынай і праводзіў яе дахаты. Паміж імі ўзнік канфлікт і мужчына задушыў школьніцу. Следства адзначае, што абодва знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення.