Забаронены выпуск і распаўсюд прадукцыі з заклікамі да самагубства
У Беларусі забаранілі выпуск і распаўсюд прадукцыі, якая ўтрымлівае заклікі да самагубства. Такая інфармацыя размешчаная на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Пастановай Мінкульта (№ 37 ад 15 верасня 2016 года) былі ўнесеныя змены ў "Інструкцыю аб парадку выпуску, тыражавання, паказу, пракату, продажу і рэкламавання эратычнай прадукцыі, прадукцыі, якая змяшчае элементы эротыкі, гвалту і жорсткасці, прадукцыі па сэксуальнай адукацыі і палавым выхаванні, а таксама прадукцыі сэксуальнага прызначэння", якая была зацверджана яшчэ ў 2007-м.
Дакумент удакладняе вызначэнне тэрміна "прапаганда гвалту і жорсткасці". Да ліку прыкмет такой прапаганды аднесеныя "заклікі да самагубства, апісанне сродкаў і спосабаў самагубства з мэтай заахвочвання рашучасці здзейсніць акт самагубства", а таксама "дзеянні, якія ўскосна падахвочваюць да самагубства" (у тым ліку і абяцанні атрымання фізічнага, псіхалагічнага задавальнення, даброт і пераваг у выпадку самагубства, у тым ліку праз гульні).
Адзначаецца, што выпуск, тыражаванне, паказ, пракат, продаж і рэкламаванне прадукцыі, якая змяшчае элементы прапаганды гвалту і жорсткасці, цяпер у Беларусі забароненыя.