Забойцу гданьскага мэра адправілі на псіхіятрычную экспертызу
Забойца мэра Гданьска Паўла Адамовіча можа не трапіць у турму, заявіла wyborcza.pl. Па звестках выдання, хутчэй за ўсё Стэфана В. адправяць на прымусовае псіхіятрычнае лячэнне.
Мужчыну абследуе група спецыялістаў у Кракаве.
У каментары выданню onet.pl прэс-сакратар акруговай пракуратуры Гданьска Гражына Ваўрынюк паведаміла, што судова-псіхіятрычная экспертыза яшчэ не дала сваіх ацэнак і высноў. Да таго часу рана казаць, ці мог мужчына адказваць за свае дзеянні падчас нападу на Адамовіча.
Напад на мэра Гданьска адбыўся падчас урачыстасцей 13 студзеня 2019 года. Падчас яго выступу на сцэну падняўся мужчына, які некалькі разоў ударыў Паўла Адамовіча нажом. Неўзабаве паранены памёр у лякарні.