Зацверджана мадэль помніка Гедыміну, які ўсталююць у Лідзе (фота)
Рэспубліканскі манументальны савет адзінагалосна зацвердзіў канчатковую мадэль помніка вялікаму князю Гедыміну (1275 — 1341), які ўсталююць у Лідзе, інфармуе symbal.by. Пакуль ён зроблены з гліны ў натуральную велічыню, далей будзе адліўка ў бронзе. Скульптары — Сяргей Аганаў і Вольга Нячай. Пастамент ужо вырабляецца, ён будзе абліцаваны гранітам у колер Лідскага замка. На ім будзе надпіс “Гедымін” і герб “Калюмны”.
Урачыстае адкрыццё помніка Гедыміну, а таксама другой вежы замка запланавана на Дзень горада, які будзе адзначацца ў Лідзе 7 верасня сёлета.
Пра тое, што ў Лідзе з'явіцца помнік Гедыміну, стала вядома восенню 2017 года. Мясцовыя ўлады абвясцілі конкурс на лепшы праект. Гедымін — заснавальнік горада, ён пабудаваў Лідскі замак. Менавіта каля яго і ўсталююць помнік.