Захоп закладніцы ў Мінску: Ці можна адрозніць пнеўматыку ад баявой зброі?

Злачынца, які захапіў пункт абмену валюты ў мінскім гандлёвым цэнтры “Шчасце”, быў узброены не баявым, а пнеўматычным пісталетам. Пра гэта Еўрарадыё распавялі ў Следчым камітэце, які закончыў расследаванне справы аб захопе закладніцы. Кіраўнік службы інфармацыі СК Юлія Ганчарова адзначыла, што пісталет знешне нельга было адрозніць ад сапраўднага.

“Цалкам ідэнтычны, але з’яўляўся пнеўматычным. Знешне яго нельга было адрозніць. Згодна з заключэннем экспертаў, гэта пнеўматычная зброя, але знешне ідэнтычная баявому пісталету сістэмы Макарава. Ніхто б не змог адрозніць”.

Еўрарадыё звяртаецца па каментар да кансультанта крамы пнеўматычнай зброі “Пнеўма-Ганс”. Па яго словах, пнеўматычны “Макараў” можна даволі лёгка адрозніць ад баявога.

“Вядома, можна адрозніць. Што баявы пісталет, а што пнеўматычны. Яны ўсім адрозніваюцца. У баявога сам ствол шырэйшы. Ну, і як макет ад арыгінала не адрозніць, я не разумею. Пнеўматычны выглядае як пнеўматычны. Вядома, калі чалавек зброі ніводнага разу не бачыў, то ён не адрозніць”, — гавораць у краме.

Вытворчасцю пнеўматычных “Макаравых” займаюцца 3-4 фірмы. Для гандлю такімі пісталетамі ў Беларусі неабходная ліцэнзія. Набыць яго можа любы чалавек, для гэтага не патрэбныя адмысловыя дакументы. Пнеўматычныя “Макаравы” маюць адносна невялікую моц, яны прызначаныя для атрымання першасных уменняў у стральбе.

Нагадаем, што захоп закладніцы ў абменным пункце гандлёвага цэнтра “Шчасце” адбыўся 1 кастрычніка 2014 года (храналогія падзеяў тут). 23-гадовы злачынца тры гадзіны трымаў касірку абменніка. Перамовы скончыліся нічым, пасля чаго захопнік быў моцна паранены супрацоўнікам “Алмаза”. Праз дзень ён памёр у шпіталі. Касірка не пацярпела.

Касірка з абменніка пра налётчыка: Думаеце, ён мне даў да зброі дакрануцца!

Юлія Ганчарова таксама дзеліцца падрабязнасцямі справы. Па яе словах, застрэлены “Алмазам” захопнік, доўга рыхтаваўся да злачынства. У яго дома следчыя знайшлі план размяшчэння банкаў і абменнікаў у Мінску. Таксама стала вядома, што злачынца некалькі разоў прыязджаў у гандлёвы цэнтр “Шчасце”, а для злачынства выкарыстоўваў адмыслова набытую вопратку.

“Вядома таксама, што пасля захопу закладніцы, злачынца запакаваў усе грошы, якія былі ў абменным пункце і пасля гэтага патрабаваў бесперашкодна яго выпусціць”, — дадае Юлія Ганчарова.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі