Заіка: Скажу вам сур'ёзна: газ — гэта глупства, а нафта — гэта наша ўсё
Чым можа скончыцца газавы канфлікт паміж Масквой і Мінскам? Ці з'яўляецца зніжэнне паставак расійскай нафты ў Беларусь спосабам ціску на краіну? Ці сапраўды ў нас вялікія праблемы з інтэграцыйнымі працэсамі? На гэтыя і іншыя пытанні ў студыі Еўрарадыё паспрабаваў адказаць вядомы беларускі эканаміст Леанід Заіка.
Цалкам размову з Леанідам Заікам можна паслухаць тут:
Лепшыя цытаты з размовы:
Зніжэнне паставак нафты для Беларусі гэта больш сур'ёзна, чым пастаўкі газу. На нафце зарабляюць грошы.
Не было б у нас неэфектыўных прадпрыемстваў, праблему цэны на газ наогул ніхто не стаў бы абмяркоўваць.
Пры такіх памерах спрэчных сум (200 млн долараў, — Еўрарадыё) Абрамовіч звычайна смяецца. У яго яхта ў два разы даражэйшая.
Я б на месцы Аляксандра Рыгоравіча гандляваўся за газ па 50 долараў. На мой погляд, гэта справядлівы кошт.
Крэмль вельмі цынічны. Ужо надакучыла. Хочацца такога нармальнага чалавечага стаўлення да Беларусі і да нашых праблем.
Расія мяняецца. Яна "супердзяржава". Яна дыктуе. Разумею беларускага прэзідэнта, які не саромеецца лішні раз сказаць пра тое, што мы ўсё ж такі партнёры.
Мы сёння адзіная краіна, якая з'яўляецца сябрам Расіі. Вы можаце назваць якую-небудзь іншую? Такіх няма! І не будзе.
Праект саюзнай дзяржавы можна зачыніць. У Расіі наогул гэта не прымаюць усур'ёз. Абсалютна.
Мы недзе на 1 млрд. долараў чыстай нафты прадаём Германіі. Вы думаеце, свая нафта? Не, руская! Пад Стоўбцамі нафту як знайшлі, так і пакінулі.
Расейцы закурылі цыгару і дзьмухаюць нам у твар. "Хлопцы, ну што вы тут, так бы мовіць..." У тэорыі перамоваў гэта называецца правядзенне актыўнай фазы, ну а мы глытаем дым.
У Беларусі зрабілі цудоўную рэч: складаюць бюджэт з улікам коштаў на нафту. Ну калі б гэта былі Арабскія Эміраты, Катар або тая ж Расія... У нас няма нафты, чаму вы бюджэт складаеце на аснове вашага прагнозу кошты на нафту?
Хлопцы, чаго вы працеся за гэтай нафтай у Расію? У вас, што, няма галоў, рук, чаго вы на гэтай нафтавай трубе сядзіце? Развівайце свой бізнес. Краіна павінна быць працаздольнай.