"Заканадаўствам не прадугледжаны абавязак камісій мець электронную пошту"
Цэнтрвыбаркам не будзе ўжываць меры, прапанаваныя праваабаронцамі на выбарах ва ўмовах пандэміі COVID-19, бо “часу для прыняцця гэтых мер не маецца”. Пра гэта паведамляе праваабарончы сайт "Вясна".
Ужо 8 траўня дэпутаты Палаты прадстаўнікоў прызначаць дату прэзідэнцкіх выбараў. Як даведалася Еўрарадыё, гаворка ідзе пра адну са жнівеньскіх нядзеляў.
Удзельнікі незалежнай кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" 29 красавіка накіравалі ў Цэнтрвыбаркам, Палату прадстаўнікоў і Вярхоўны суд шэраг прапаноў па правядзенні выбараў ва ўмовах каранавіруснай эпідэміі.
Напрыклад, прапаноўвалася распрацаваць дыстанцыйныя працэдур па зборы подпісаў за прэтэндэнтаў у кандыдаты. Аднак у ЦВК адказалі, што часу для ўнясення зменаў у заканадаўства ўжо няма. Старшыня Цэнтрвыбаркаму Лідзія Ярмошына спаслалася на рэкамендацыі міжнародных экспертаў, што змены ў выбарчае заканадаўства мусяць прымацца не пазней, чым за год да саміх выбараў. Таксама ў адказе гаворыцца, што змены, прапанаваныя праваабаронцамі, патрабуюць не толькі прававых, але і фінансавых ды інфраструктурных перадумоваў.
Яшчэ адной прапановай было дазволіць грамадзянам дасылаць электронныя звароты ў тэрытарыяльныя выбаркамы. На гэта ў ЦВК адказалі: "Заканадаўствам не прадугледжаны абавязак камісій мець электронную пошту".
Вярхоўнаму суду праваабаронцы прапаноўвалі забяспечыць магчымасць разгляду выбарчых спрэчак з дапамогай элементаў электроннага судаводства. Адказ на прапанову быў наступны: "Што тычыцца забеспячэння бяспекі разгляду выбарчых спрэчак, то дадзенае пытанне падлягае вырашэнню ў дачыненні да канкрэтнай выбарчай кампаніі".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.