Залішне вы*бісты. Што вядома пра прапаршчыка Хішчанку, якога судзяць у Барысаве
У Барысаве за здзекі з салдат судзяць 24-гадовага прапаршчыка Ігара Хішчанку. Хлопца абвінавачваюць у атрыманні хабару, абразе падначаленага ў сувязі з выкананнем абавязкаў вайсковай службы, злоўжыванні ўладай, перавышэнні паўнамоцтваў, звязаным з гвалтам. Пацярпелымі па справе прызнаныя 18 чалавек.
Гэты суд не звязаны з рэзананснай справай Аляксандра Коржыча, 21-гадовага пінчука, знойдзенага павешаным у Печах 3 кастрычніка 2017 года. Сярод абвінавачаных па “справе Коржыча” таксама ёсць прапаршчык — Артур Вірбал — але суд над ім, як і над іншымі фігурантамі справы, яшчэ наперадзе.
Што вядома пра прапаршчыка, з якога пачынаецца выкараненне нестатутных адносінаў у Печах?
Ігар Хішчанка нарадзіўся 27 чэрвеня 1993 года ў Краснаполлі. Вучыўся ў тамтэйшай раённай дзяржаўнай гімназіі. У Краснаполлі жыве яго маці.
З 2011 па 2013 год Хішчанка праходзіў тэрміновую службу ў вайсковай часці №22360 у Печах — праз пяць гадоў яго абвінавацяць у здзеках з салдат гэтай часці. А пакуль, у 2013-2014 гадах хлопец працягвае служыць у 114-й гвардзейскай школе па падрыхтоўцы прапаршчыкаў, якая таксама месціцца ў Печах.
Пагоны прапаршчыка Хішчанка прымярае ў траўні 2013 года:
Тыя, хто служыў у той час у вайсковай часці №22360, не прыгадваюць у паводзінах 20-гадовага прапаршчыка нічога незвычайнага. Але з часам сітуацыя мяняецца.
"Ён быў залішне вы*бісты! — прыгадвае Я., які чатыры месяцы праслужыў у "вучэбцы" ў Печах. — Можа, і быў [электрашокер], не памятаю, але некаторых біў. Быў выпадак — хлопцу, днявальнаму пісталет да галавы прыставіў. Крычаў увесь час, тумбачкі варочаў. Карацей ненармальны нейкі. Цяпер ужо не памятаю шмат чаго".
Бывае на матчах зборнай Беларусі
Ігар Хішчанка балее за “Мілан” і за зборную Беларусі па футболе. 6 верасня 2016 года ён быў на “Барысаў-Арэне”, калі беларускія футбалісты гулялі з французамі ў кваліфікацыі да чэмпіяната свету-2018:
Узнагароджаны медалём
8 траўня 2015 года Ігар Хішчанка атрымлівае юбілейны медаль “70 гадоў перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.”. Фота з узнагародай адразу з’яўляюцца ў сацсетках:
Там яны суседнічаюць са шматлікімі здымкамі, зробленымі калі Ігар Хічшанка з сябрамі гуляў у страйкбол. Шмат такіх здымкаў з’яўляецца ў сацсетках у 2016 годзе.
Менавіта ў гэтым годзе, улетку і ўвосень, як мяркуе следства, прапаршчык асабліва жорстка абыходзіўся з салдатамі тэрміновай службы. У справе Хішчанкі апісана, як ён біў салдат спецыяльным скруткам з газет, пераматаным скотчам. Ці ўказкай, якая аднойчы зламалася ад удару.
Таксама прапаршчыка абвінавачваюць у тым, што ён караў падначаленых фізічнымі практыкаваннямі па-за заняткамі. Напрыклад, "фінскі лыжнік" (рукі за галаву і скачкі з аднаго калена на другое) або "Кока-Джамба" (прысяданне і скачок з гэтага становішча ўверх з выцягнутымі рукамі). Каб ускладніць задачу, салдатаў прымушалі апранаць бронекамізэльку або процівагаз.