Замест блогера Ціханоўскага прэтэндэнткай у прэзідэнты будзе яго жонка Святлана
Жонка відэаблогера Сяргея Ціханоўскага Святлана падала заяўку ў ЦВК на рэгістрацыю сваёй ініцыятыўнай групы на прэзідэнцкіх выбарах. Пра гэта паведамляе Telegram-канал "Краіна для жыцця".
Сам Ціханоўскі адбывае адміністрацыйны арышт. Ён меркаваў ісці на выбары і падаў заяўку на рэгістрацю сваёй ініцыятыўнай групы. Аднак на пасяджэнні ЦВК 15 траўня заяўку Ціханоўскага, пададзеную праз давераную асобу — жонку, не зарэгістравалі. Тлумачэнне гучала так: "Падаваць дакументы можа давераная асоба, а падпісваць — не".
Пасля гэтага прыхільнікі Ціханоўскага змянілі сцэнар.
"У сітуацыі, якая склалася, намі прынята рашэнне падаць заяву на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы па зборы подпісаў для вылучэння кандыдатам у прэзідэнты жонкі Сяргея — Святланы Ціханоўскай. Падчас кампаніі яна будзе прадстаўляць інтарэсы ўсіх, хто хоча жыць у Краіне для жыцця і падтрымліваў вылучэнне ў прэзідэнты Сяргея Ціханоўскага. Узначаліць ініцыятыўную групу сам Сяргей", — паведамляецца ў Telegram-канале "Краіна для жыцця".
Акрамя таго, яны плануюць абскарджваць рашэнне ЦВК у судзе.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.