Замест Сікорскага і Більта ў Мінск прыедуць чыноўнікі другога эшалону

Тое, што наведаць Мінск збіраюцца менавіта міністры замежных спраў Польшчы і Швецыі Радаслаў Сікорскі і Карл Більт, вынікала з іх сумеснага ліста, які днямі быў апублікаваны. Фраза дакладна гучала так: “Напярэдадні трэцяга саміта “Усходняга партнёрства” у Вільні мы і іншыя высокапастаўленыя прадстаўнікі Польшчы і Швецыі пачынаем турнэ па ўсіх сталіцах дзяржаў-удзельніц “Усходняга партнёрства”: наведаем Кішанёў, Тбілісі, Баку, Ерэван, Мінск”.

Але гэта не зусім адпавядае рэчаіснасці, тлумачыць Еўрарадыё дарадца амбасады Польшчы Себасцьян Ожэл:



“Сапраўды, можа так падумаць, калі чытаеш гэты тэкст. Але насамрэч трэба чытаць, што будуць гэтыя краіны наведваць яны (Сікорскі і Більт — Еўрарадыё) альбо іншыя дыпламаты з Польшчы і Швецыі. Карацей, яны сюды не прыедуць”.

Затое ўжо 24 кастрычніка ў Мінску будуць дырэктары па палітычных пытаннях Міністэрстваў замежных спраў Польшчы і Швецыі Яраслаў Браткевіч і Тарб’ен Сульстрам, упаўнаважаныя па пытаннях Усходняга партнёрства МЗС Польшчы і Швецыі Беата Пенкса і Марцін Хагстрам, а таксама намеснік дырэктара Усходняга дэпартаменту МЗС Польшчы Конрад Паўлік.  



У дыпламатаў запланаваная сустрэча ў беларускім МЗС. Ці будуць сустрэчы з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці, пакуль невядома. Але вядома, што 25 кастрычніка яны будуць ладзіць брыфінг для журналістаў.

Фота — bymedia.net
 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі