Выдача карты паляка мяняецца праз палітычную сітуацыю ў РБ і РФ — Сікорскі
Карта паляка, ілюстрацыйнае фота
Закон аб карце паляка неабходна змяніць з меркаванняў бяспекі і ў сувязі з дзейнасцю "варожых Польшчы службаў". З такой заявай выступіў кіраўнік польскага МЗС Радаслаў Сікорскі.
Нядаўна ўрад Польшчы ўхваліў новую міграцыйную стратэгію. Згодна з ёй, атрымаць карту паляка стане цяжэй: вяртаецца патрабаванне ведаць польскую мову. Таксама могуць быць перагледжаныя льготы для актывістаў польскіх грамадскіх арганізацый.
Неабходнасць зменаў у закон аб карце паляка Сікорскі абгрунтаваў палітычнай сітуацыяй — найперш у Беларусі і Расіі. Паводле яго словаў, якія перадае Portal Samorządowy, дзеля нацыянальнай бяспекі неабходна дакладна вызначыць крытэрыі, якія даюць права на атрыманне гэтага дакумента.
Ад 2008 года па 30 верасня 2024-га было выдадзена амаль 215 тысяч рашэнняў аб прадастаўленні карты паляка, прыводзіць статыстыку кіраўнік МЗС. Асабліва папулярным гэты дакумент стаў у жыхароў Украіны, Беларусі і Расіі пасля пачатку шырокамаштабнай расійскай агрэсіі супраць Украіны.
Сікорскі заяўляе, што "варожа настроеныя службы" могуць стварыць практычна любое "дасье суіскальніка" на атрыманне карты паляка. І гэта пагражае "прабелам у міграцыйных працэдурах". Таму польскія консулы і чыноўнікі, на яго думку, павінны мець магчымасць адэкватна рэагаваць на сітуацыю.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.