Запланаваная сустрэча Дэпардзьё з міністрам культуры не адбылася
Падчас свайго візіту ў Беларусь вядомы французскі акцёр не наведаў ніводнага аб’екта культуры.
Знакаміты французскі акцёр Жэрар Дэпардзьё падчас візіту ў Беларусь пабываў на фермах, пакасіў траву каля рэзідэнцыі прэзідэнта ў Астрашыцкім гарадку, але ўвогуле не цікавіўся культурнымі дасягненнямі нашай краіны. Па словах супрацоўніка Міністэрства культуры, першапачаткова ён ехаў менавіта пад патранажам МЗС, таму і праграма візіту складалася адпаведная.
“Больш яго цікавіла сельская гаспадарка, чым фільмавытворчасць, — каментуюць у прыёмнай Мінкульта. — Ён нават не быў на аб’ектах культуры. Нібыта была запланавана сустрэча з міністрам культуры, але ў выніку яна не адбылася”.
Адзіны прадстаўнік кіраўніцтва Мінкульта, які сустракаў Дэпардзьё, — намеснік міністра Васіль Чэрнік. Таму дамоўленасці пра ўдзел акцёра ў фестывалі “Лістапад” і супрацоўніцтва з “Беларусьфільмам” у здыманні стужкі “Нармандыя – Нёман”, пра якія пішуць у СМІ, маглі быць дасягнутыя толькі ў нефармальных абставінах паміж частаваннем дранікамі, самагонкай ды пераездаў з месца на месца.
Фота: president.gov.by