Заторы ў цэнтры Мінска павінны знікнуць цягам месяца — "Гардарбуд"

Транспарт у Мінску

Транспарт у Мінску / Мінск-Навіны

Сітуацыя з рухам транспарту ў цэнтры Мінска павінна палепшыцца на працягу месяца. Такі прагноз зрабіў дырэктар дзяржпрадпрыемства "Гардарбуд" Сяргей Панеў у каментары БЕЛТА.

8 лютага пачаўся рамонт пуцеправода паміж плошчай Незалежнасці і вуліцай Маскоўскай. З таго цэнтр сталіцы штодня стаіць у заторах у час пік — зранку і ўвечары. "Мінсктранс" штодня паведамляе пра спазненне ў руху грамадскага транспарту на 20-25 хвілін.

Панеў не бачыць у гэтым вялікай бяды і спадзяецца, што аўтамабілісты самі навучацца не ствараць заторы: "Заторы, безумоўна, ёсць, але яны не крытычныя для функцыянавання гарадскіх службаў. У час пік — уранні і ўвечары, вядома, рух ускладняецца, але ДАІ працягвае працаваць над рэгуляваннем транспартных патокаў. На працягу максімум месяца мы чакаем стабілізацыі сітуацыі, увойдзем у нармальны рэжым працы".

Кіраўнік "Гардарбуда" заявіў, што мінчукі паступова адаптуюцца да новых маршрутаў і не скардзяцца на працу транспарту. Як доказ гэтага ён заявіў, што на сайт прадпрыемства такія скаргі не паступалі.

Скончыць рамонт моста плануюць да 1 снежня.

Паводле Панева, падчас рамонту павялічыўся транспартны трафік праз Нямігу на вуліцу Маякоўскага, на Магілёўскую, Партызанскі праспект.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі