Затрыманая адна з падпісантаў ліста супраць гвалту, педагог Аляксандра Шастакова

Аляксандра Шастакова / "Белсат"
Аляксандра Шастакова / "Белсат"

У Мінску затрыманая педагог і адна з падпісантаў звароту настаўнікаў супраць гвалту Аляксандра Шастакова, паведаміў у Facebook яе сын Мікіта.

"Маму забралі", — напісаў ён.

Падрабязнасці пакуль невядомыя. Раней Шастакову ўжо судзілі за ўдзел у Маршы пенсіянераў. Дарэчы, маршу ў той дзень не было — пенсіянеры сабраліся каля Чырвонага касцёла ў Мінску і вадзілі карагод вакол ёлкі. Тым не менш суд прызнаў педагога вінаватай і пакараў штрафам у 30 базавых велічынь.

Шастакова была ўдзельніцай праекта Еўрарадыё "Неверагодныя". Пра сябе казала так: "Мама, бабуля, педагог з 45-гадовым стажам". Свой удзел у звароце настаўнікаў тлумачыла тым, што не можа глядзець, як гвалцяць людзей не толькі фізічна, але і маральна.

"Ніколі не баялася агучваць свой пункт гледжання і адстойвала яго да канца на ўсіх узроўнях. Для мяне важна, у якой краіне будуць жыць мае ўнукі, і я не хачу, каб у іх была падстава чагосьці баяцца", — казала яна.

Яна таксама разважала пра тое, чаму адны настаўнікі ў Беларусі маўчаць, а іншыя не, і пра тое, хто і як мог выхоўваць такімі жорсткімі беларускіх сілавікоў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі