Затрыманы гендырэктар прадпрыемства, якое месяц таму наведваў Лукашэнка
Кіраўніка ААТ "Крычаўцэментнашыфер" Леаніда Скоцкага падазраюць у крадзяжы 40 мільёнаў рублёў.
Як паведамляе БелТА, Леанід Скоцкі спрабаваў прысабечыць 40 мільёнаў рублёў, выдадзеных працаўнікам прадпрыемства ў якасці прэміі "за эканомію паліўна-энергетычных рэсурсаў” у першым паўгоддзі 2013 года.
"Маючы злачынны намер, ён даў незаконныя ўказанні падпарадкаванаму супрацоўніку сабраць з прэміяваных асобаў вызначаную суму. Так генеральны дырэктар атрымаў 40 мільёнаў. У гэты момант ён і быў затрыманы супрацоўнікамі МУС і КДБ", — каментуюць затрыманне супрацоўнікі ўпраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязяў МУС.
Леанід Скоцкі
Да таго, як перайсці на працу ў "Крычаўцэментнашыфер", Леанід Скоцкі быў намеснікам старшыні крычаўскага райвыканкама. Следчы камітэт распачаў супраць яго крымінальную справу па частцы 3 артыкула 210 Крымінальнага кодэкса — крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі ў буйным памеры. Зараз чыноўнік знаходзіцца ў следчым ізалятары Магілёва.
Цікава, што ўсяго месяц таму “Крычаўцэментнашыфер” наведваў Аляксандр Лукашэнка. На прадпрыемстве ён ажыццявіў сімвалічны пуск новай лініі па вытворчасці цэменту.