Затрыманыя трое былых топ-менеджэраў Мінскага маторнага завода
У Мінску затрыманыя трое былых топ-менеджэраў кіруючай кампаніі холдынгу “Мінскі маторны завод”. Пад варту ўзятыя намеснік тэхнічнага дырэктара па будаўніцтве ліцейнага завода, галоўны металург і яго намеснік.
Паводле інфармацыі прэс-службы МУС, затрыманыя “дапамаглі” латвійскай кампаніі перамагчы ў тэндэры на пастаўку тэхналогіяў і комплексу абсталявання для вытворчасці чыгуннага ліцця. У перыяд з 2011 па 2014 года завод набываў абсталяванне коштам у 5,4 мільёна еўра, якое не адпавядала тэхнічнаму заданню і заключанаму кантракту.
Паводле звестак ГУБАЗіК МУС, злачынныя намеры фігуранты справы рэалізоўвалі паслядоўна і ў некалькі этапаў, пачынаючы са стадыі праектавання і заканчваючы фактычнай пастаўкай абсталявання.
Цяпер усе падазраваныя знаходзяцца ў ІЧС, Следчы камітэт распачаў на іх крымінальную справу паводле ч.3 арт. 424 КК (злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі). Ім пагражае да 10 гадоў зняволення з канфіскацыяй маёмасці і пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю.