Завершанае расследаванне аб карупцыі на гомельскім прадпрыемстве
Завершанае расследаванне аб карупцыі на гомельскім прадпрыемстве. Па крымінальнай справе праходзяць дзве службовыя асобы "Гомельдзяржплемпрадпрыемства".
Як інфармуе афіцыйная прадстаўніца УСК па Гомельскай вобласці Марыя Крываногава, следства высветліла, што з лютага 2012-га да лістапада 2015 года гендырэктар як асабіста, так і пры дапамозе начальніка сектара маркетынгу і прававой работы, атрымліваў хабар ад прадстаўнікоў суб'ектаў гаспадарання. Звычайна за заключэнне дамоваў на выраб і пастаўку на прадпрыемства таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў. Хабар складаў ад 5% да 12% ад агульнага кошту пастаўленых тавараў (з вылічваннем падатку на даданую вартасць). Агулам сума хабараў склала больш за 40 тысяч дэнамінаваных рублёў.
Таксама былі факты сістэматычнага выкарыстання гендырэктарам службовага аўтатранспарту ў асабістых мэтах. Каб гэта схаваць, ён фальсіфікаваў дакументы. Агулам вядомыя 43 эпізоды злачыннай дзейнасці абвінавачаных. Адзначаецца, што было дапытана больш за 80 сведкаў, праведзена каля 20 ператрусаў. Накладзены арышт на маёмасць абвінавачаных на суму больш за 110 тысяч дэнамінаваных рублёў. Пад арышт трапіў аўтамабіль Hyundai Grandeur, 2013 года выпуску, які былы кіраўнік прадпрыемства спрабаваў схаваць ад следства і двойчы пераафармляў на іншых асобаў.
Дзеянні былога гендырэктара кваліфікавалі як атрыманне хабару ў буйным памеры, замах на атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры, злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі, крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, службовы падлог. Дзеянні былога начальніка сектара маркетынгу кваліфікавалі як атрыманне хабару ў буйным памеры, а таксама дапамогу ў атрыманні хабару ў буйным і асабліва буйным памерах. Справу неўзабаве перададуць у суд.