Жанна Літвіна і Іосіф Сярэдзіч увайшлі ў Каардынацыйную раду па СМІ

Старшыню Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанну Літвіну і галоўнага рэдактара "Народнай волі" Іосіфа Сярэдзіча запрасілі ўвайсці ў грамадскую каардынацыйную раду ў сферы масавай інфармацыі. Афіцыйная прапанова была падпісаная першай намесніцай міністра інфармацыі Ліліяй Ананіч.  Як нагадала спн.Літвіна ў каментары Еўрарадыё, мэтай стварэння рады была каардынацыя ўзаемадзеяння дзяржаўных органаў, грамадскіх арганізацыяў і іншых суб'ектаў, звязаных са сферай СМІ. Па яе словах, вельмі важна, каб рада не была толькі дарадчым органам.

Жана Літвіна акрэсліла галоўныя пытанні, якія, на яе думку, мусіць найперш разгледзець рада:

Літвіна: Тыя пытанні, якія яна павінна разглядаць на сённяшні дзень, — гэта роўныя эканамічныя ўмовы для сродкаў масавай інфармацыі з рознай формай уласнасці. Гэта пытанні стварэння цывілізаванага медыярынку ў Беларусі. Гэта пытанні і праблемы, якія могуць пачацца з уступленнем у сілу Закону аб СМІ пасля 8 лютага.

Па словах спн.Літвіной, на разгляд рады будзе прапанаваны цэлы пакет дакументаў, дзе будуць згадвацца розныя віды СМІ, у тым ліку і інтэрнэт-выданні.

Кіраўніца БАЖу адзначыла, што не мае ілюзій наконт дзейнасці рады, але будзе выкарыстоўваць яе як трыбуну для таго, каб агучыць меркаванне грамадства.

Літвіна: У мяне няма ніякіх ілюзіі, што нашая прысутнасць у гэтай радзе адразу нейкім кардынальным чынам зменіць агульную сітуацыю. Але магчымасць прысутнічаць падчас абмеркавання гэтых праблемаў — гэта таксама важна. Для мяне гэта механізм далучэння думкі грамадскасці да абмеркавання той або іншай праблемы. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі