Жонку-атручальніцу ў Віцебску асудзілі на дзевяць з паловай гадоў калоніі

Жонку-атручальніцу ў Віцебску асудзілі на дзевяць з паловай гадоў калоніі

Бліжэйшыя дзевяць з паловай гадоў 35-гадовая віцяблянка правядзе ў калоніі агульнага рэжыму. Віцебскі абласны суд асудзіў яе за спробу забойства 41-гадовага мужа, інфармуе БЕЛТА са словаў прэс-сакратара Наталлі Платоненкі.

Жанчыну прызналі вінаватай у замаху на забойства з карыслівых меркаванняў і незаконных )без мэты збыту) набыцці, захоўванні, перавозцы псіхатропных рэчываў. Падчас судовага працэсу віцяблянка прызнала сябе вінаватай і раскаялася ў зробленым.

У 2012 годзе жанчына выйшла замуж за віцябляніна, у якога былі пастаянныя праблемы з законам. Як паведамляецца, нават вяселле маладыя гулялі ў калоніі. Але потым жонка вырашыла завалодаць мужавай кватэрай, а для гэтага — атруціць яго. Яна купіла медыцынскія шпрыцы, антыпсіхатычны прэпарат, нейралептычны сродак, а таксама больш за 40 таблетак кланідзіна (больш вядомага як клафелін). Жанчына меркавала даць мужу са спіртным таблеткі, сцёртыя ў парашок.

У чэрвені 2016 года яна сустрэла мужа, які вызваліўся з калоніі, і прывезла яго на арандаваную кватэру, каб адсвяткаваць яго вызваленне. Да застолля далучылася і яе сяброўка, якая ведала пра злачынную задуму. Толькі дзякуючы ёй мужчына застаўся жывы: сяброўка паведаміла ў міліцыю, што рыхтуецца забойства. Міліцыянты з'явіліся ў кватэры ў адказны момант, а мужчыну паспелі аказаць меддапамогу.

Дарэчы, цяпер выратаваны віцяблянін зноў дбывае пакаранне ў калоніі. Праз некалькі дзён пасля замаху на жыццё ён скраў мабільнік і атрымаў 14-ю па ліку судзімасць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі