Журналістаў вызвалілі з пастарунку, Шумчанку пакінулі
Пра гэта ў каментары Еўрарадыё распавёў журналіст Радыё "Свабода" Ігар Карней.
Па яго словах, пры затрыманні ў гандлёвым цэнтры "Паркінг" Шумчанку спрабавалі абвінаваціць ва ўчыненні злачынства.
Ігар Карней: "Мы прыпаркаваліся ў гэтым "Паркінгу", зайшлі ў ліфт, і адразу ж туды забеглі два супрацоўнікі ў цывільным, сказалі: усім на выхад. Калі Шумчанка пачаў дапытвацца, на падставе чаго яго затрымліваюць, яму сказалі — падазрэнне ў здзяйсненні злачынства. Мы паказалі журналісцкія пасведчанні, але гэта на іх ніяк не паўздзейнічала. Яны папрасілі праехаць у Савецкі РАУС. Шумчанка неяк яшчэ вытаргаваў, што паедзе на ўласнай машыне ў суправаджэнні міліцыянта. А нас пасадзілі ў міліцэйскі "форд" і павезлі спачатку ў Савецкі РАУС. Але па дарозе прыйшла нейкая новая інфармацыя, што трэба перавозіць у Цэнтральны".
Па словах Карнея, журналісты правялі ў пастарунку дзве гадзіны — столькі часу ў міліцыі заняло высвятленне іх асобаў. А вось Шумчанку пакінулі надалей. Верагодна, кажа Карней, яму будуць інкрымінаваць нейкае правапарушэнне.
Як паведамляла Еўрарадыё, старшыня Рэспубліканскага грамадскага аб'яднання "Перспектыва" Анатоль Шумчанка ўдзельнічаў у мітынгу на рынку Ждановічы. Потым яго затрымалі. Разам з ім міліцыянты схапілі журналіста Радыё Свабода Ігара Карнея, карэспандэнта "Народнай Волі" Алеся Сівага, Наталлю Касцюковіч з партала tut.by.
На фота — страйк на рынку ў Ждановічах