Жыхар Глыбокага выйграў суд супраць ЖКГ за пашкоджаны аўтамабіль
Камунальнікі з парушэннямі паклалі каналізацыйны люк, на якім аўтамабіліст моцна пашкодзіў машыну. Працэс па справе цягнуўся 10 месяцаў.
Жыхар Глыбокага Яраслаў Берніковіч выйграў суд супраць мясцовай ЖКГ. Мужчына падаў пазоў пасля таго, як яго сын моцна пашкодзіў аўтамабіль бацькі, бо наехаў на каналізацыйны люк на адной з вуліц горада.
Як высветлілася, дарогу абслугоўвае Глыбоцкая жыллёва-камунальная гаспадарка. Яна і ўсталявала гэты люк з парушэннямі.
Берніковіч: “Надзея была заўсёды, з самага пачатку. Каб не было зусім надзеі, дык я б, напэўна, і не ўвязваўся ў гэтую справу. Таму быў пададзены пазоў на ЖКГ, але я не думаў, што гэтая справа будзе цягнуцца дзесяць месяцаў. І гэта крыху выводзіла з сябе”.
Глыбоцкая пракуратура падала касацыйную скаргу, і справу паўторна разглядаў суд у Віцебску, які пакінуў рашэнне ў сіле. Мужчына ўжо атрымаў грашовую кампенсацыю — 50 мільёнаў рублёў.
Станоўчым вынікам выйгранай справы стала тое, што люкі па ўсім горадзе прывялі ў належны стан.
Фота — svaboda.org