Жыхар Шаркаўшчыны па ўласнай ініцыятыве абсталяваў пляж на беразе Дзісны
І не толькі абсталяваў, але і сочыць за парадкам.
Аляксандр Асіпенка жыве на беразе Дзісны, якая працякае праз Шаркаўшчыну. Сцяжынка да рачнога берага праходзіць па крутым схіле, па якім вельмі няпроста падымацца. Зараз тут зробленыя бетонныя прыступкі з драўлянымі парэнчамі. Аляксандр Асіпенка распавядае, як у яго ўзнікла гэта ідэя:
“Ідэя прыйшла з таго, што калі жанчына несла тазік з вадой і паслізнулася, прыйшла ідэя зрабіць прыступкі, да прыступак – парэнчы, тады лавачкі паставіць, потым у гэтым годзе зрабіў дзеткам арэлі, учора вось каменьчыкі зрабіў, прыязджаюць здалёку, ровары некуды паставіць. Камянёў во накаціў, вечна, даўгавечна, надзейна”.
Каля прыступак спадар Аляксандр зрабіў клумбы, пасадзіў каля берага парэчкі. Пляж у яго атрымаўся не горшы, чым абсталяваны непадалёк мясцовымі ўладамі. Нават люстэркі ёсць. “А дзе вы яшчэ бачылі люстэркі на пляжах?”, – усміхаецца Аляксандр Георгіевіч. Але за гэтай прыгажосцю трэба даглядаць, бо знаходзяцца хуліганы, якім свярбяць рукі, каб гэта сапсаваць. Таму спадар Аляксандр за ўласныя сродкі ўсталяваў дзве камеры назірання. І яны дапамаглі. Вясной, калі ён толькі высадзіў кветкі, школьнік-хуліган пазрываў іх. Давялося ісці ў школу. Працягвае Аляксандр Асіпенка:
“Я ў школу схадзіў, дырэктар выклікала яго, ён прыйшоў сюды, гаворыць, што баяўся прыйсці сюды. Я гавару, дык чаго ты баяўся, рваць не баяўся, гавару, калі ж ты такі смелы, дык пайдзі, прыбяры 20 метраў берага, вось адсюль і ўніз прыбяры бутэлькі там, шклянкі, слоікі, прыбяры і знясі ўсё”.
Па словах спадара Аляксандра, ён часта просіць дзяцей дапамагчы прыбраць смецце каля рэчкі, і яны яму не адмаўляюць. Калі ён пачаў добраўпарадкаваць бераг, то і суседзі сталі дапамагаць, кажа Аляксандр Асіпенка:
“Дзесьці там дошку апрацаваць ці яшчэ штосьці ў сталярцы - калі ласка. А як мы парэнчы для дываноў рабілі. Вось была адна труба ў мяне жалезная, адзін сусед прынёс, другі зваршчыка паклікаў, хлопца прывёз, зварылі”.
Еўрарадыё пацікавілася: а калі робіце хуліганам заўвагі, яны не кажуць, маўляў, гэта ж не ваш прыватны бераг? Спадар Асіпенка кажа, што хай толькі паспрабуюць, аддзел міліцыі тут побач. Вось нядаўна хлопцы тут пілі гарэлку, брыдкасловілі, прыйшлося іх папрасіць пайсці адсюль. Не паслухалі, прыйшлося выклікаць міліцыянтаў. У хуткім часе спадар Аляксандр хоча абсталяваць на беразе інфармацыйны стэнд, працягвае Аляксандр Асіпенка:
“Зараз яшчэ задумка ёсць зрабіць лікбез адпачывальнікаў – артыкулы адміністрацыйныя за п’янства, за смецце, за нецэнзуршчыну. Далей пра дапамогу тым, хто топіцца. Ну яно ж не лішняе будзе, праўда?”
На Шаркаўшчыне ёсць яшчэ некалькі пляжаў, абсталяваннем якіх займаліся мясцовыя ўлады. Абсталяваныя яны нядрэнна, але вось парадку на іх менш. Тут можна пагадзіцца з Аляксандрам Асіпенкам: прыгажосць трэба не толькі стварыць, але і падтрымліваць яе ў парадку. І прыватная ініцыятыва з гэтым спраўляецца лепш.
Рубрыка “Ты можаш” спецыяльна для праграмы Кардыяграма