Жыхарам ЖК "Магістр" даслалі дакумент, каб яны не вывешвалі сімволіку

Жыхарам ЖК "Магістр" даслалі дакумент, каб яны не вывешвалі сімволіку

Зранку 19 лістапада жыхары квартала "Магістр" знайшлі ў сваіх паштовых скрынках дадатковае пагадненне на арэнду кватэраў. Ім паведамілі, што падпісаць дакумент трэба да 27 лістапада і перадаць у разлікова-касавы цэнтр №6 па адрасе Нікіфарава, 12. 

У паведамленні, прыкладзеным да дакумента, гаворыцца, што гэтая новая форма тыпавой дамовы найму арэнднага жылля была зацверджаная пастановай Саўміна №391 ад 2 ліпеня 2020 года (гэта значыць, яшчэ да прэзідэнцкіх выбараў). Неабходнасць падпісаць дадатковае пагадненне тлумачыцца "мэтай прывядзення дамовы найму ў адпаведнасць з дзеючай рэдакцыяй".

Жыхары "Магістра" звярнулі ўвагу на адзін пункт у гэтым дакуменце: 

"18. Дадатковыя ўмовы. Наймальнік і грамадзяне, якія пражываюць сумесна з ім, не маюць права размяшчаць у жылым памяшканні, а таксама на вокнах, унутры балкона, лоджыі і за іх межамі, у месцах агульнага карыстання, на фасадзе жылога дома любога кшталту рэкламную, прапагандысцкую і іншую інфармацыю, а таксама канструктыўныя элементы для яе мацавання і размяшчэння".

Якую менавіта інфармацыю ў дамах "Магістра" камунальнікі палічаць прапагандысцкай, не ўдакладняецца. Жыхары ўпэўненыя, што гэтая мера скіраваная супраць тых, хто вывешвае ў вокнах бел-чырвона-белыя сцягі.

Адзін з жыхароў "Магістра" распавёў у каментары парталу TUT.by, што адпаведны дакумент атрымалі нават тыя, хто купляў кватэры ў квартале за свой кошт. 

Дарэчы, жыхары звярнулі ўвагу, што дадатковае пагадненне ім прыйшло ад імя "Домэнергасэрвісу", хоць першапачаткова дамову заключалі з адміністрацыяй Першамайскага раёна. 

У дзяржаўным прадпрыемстве "Домэнергасэрвіс" журналістам TUT.by патлумачылі: "Дамовы найму раней заключаліся з ЖРЭА, ЖРЭА перайменавана ў "Домэнергасэрвіс" — гэта адна і тая ж арганізацыя. Ва ўсіх дамовах, якія былі заключаныя з 2014 па 2017 гады, паказана УП "ЖРЭА" як наймадаўца. Пачынаючы са студзеня 2018-га падпісвае дамовы дзяржаўнае прадпрыемства "Домэнергасэрвіс". Гэта проста перайменаванне, нічога іншага не памянялася"

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі