Жывёлавода пакаралі за сістэматычныя крадзяжы збожжа і мукі з фермы
Скрадзенае з фермы
Жыхара Краснапольскага раёна Магілёўскай вобласці аштрафавалі на 2 тысячы рублёў за крадзяжы збожжа і мукі з фермы. Мужчына ўсё лета па начах прывозіў дадому маёмасць, якая належыць мясцоваму сельгаспрадпрыемству. Страты ацанілі на 1422 рублі і 1 капейку. Скрадзенае выкарыстоўвалася ў якасці корму хатніх жывёл і птушкі.
Пра затрыманне 57-гадовага жывёлавода міліцыя паведаміла ў верасні. Па месцы жыхарства мужчыны міліцыя правяла ператрус. Былі знойдзены і забраныя 39 мяхоў фуражнай мукі, 2 — пшаніцы, 6 — проса, 10 — ячменю, 19 — аўса, 5 — азімай пшаніцы, 3 мяхі рапсу.
Крымінальную справу разглядалі на выязным судовым пасяджэнні. Мужчына сваю віну цалкам прызнаў. Шкоду, нанесеную гаспадарцы, ён кампенсаваў. Зламысніка вырашылі не адпраўляць за краты, абмежаваліся штрафам. Знайшліся нейкія абставіны, якія "змякчалі адказнасць", а абставінаў, якія б яе "абцяжарвалі", не знайшлі.
У міліцыі прызнаюць, што крадзяжоў маёмасці сельгасарганізацый у 2024-м стала больш. Паліва выносяць сотнямі літраў, камбікорм цягнуць сотнямі кілаграмаў, збожжа — тонамі. Затрыманні механізатараў адбываліся па ўсёй Беларусі. Аляксандр Лукашэнка пагражаў працаўнікам сельгасарганізацый больш жорсткімі мерамі за крадзяжы. Як бачым, проста палохаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.