Злодзей за ноч выкапаў 18 дэкаратыўных туяў у цэнтры Гродна
У Гродне затрымалі злодзея, які спецыялізаваўся на дэкаратыўных дрэвах. Малады чалавек спачатку ездзіў па вёсках у ваколіцах абласнога цэнтра і краў з прыватных падворкаў туі. Затым ён адважыўся выкапаць дрэвы ў цэнтры горада, на вуліцы Віленскай каля лікёра-гарэлачнага завода. Адтуль ён скраў 18 дэкаратыўных туяў. Усяго ён здабыў незаконным шляхам 48 дрэваў.
Пасля затрымання міліцыя высветліла, што гэты самы чалавек спрычыніўся і да крадзяжоў рэчаў у вясковых дамах і незачыненых аўтамабіляў — ён забіраў гаечныя ключы, вуды, аўтамагнітолы, калонкі, дакументы.
Хлопец патлумачыў, што скрадзеныя туі спадзяваўся перапрадаць і такім чынам зарабіць. Частка дрэваў адабраная, распачатая крымінальная справа, паведамляе прэс-служба УУС Гродзенскага аблвыканкама.