Знакаміты гандбаліст 4 месяцы не плаціў заробак супрацоўнікам сваёй фірмы
Андрэй Барбашынскі
Восем былых супрацоўнікаў фірмы "Белабедынг" спагналі са свайго працадаўцы 40 тысяч еўра. Гэта запазычанасці па заробках з ліпеня па кастрычнік 2023 года. Яшчэ тры чалавекі распачалі судовы працэс, заўважылі Hrodna.life.
ТАА "Белабедынг" — вытворца матрацаў, ложкаў, канапаў і падушак, рэзідэнт свабоднай эканамічнай зоны "Гроднаінвест". Па дадзеных Адзінага дзяржаўнага рэестра, кампанія знаходзіцца ў працэсе ліквідацыі па рашэнні ўласніка. Фірму ў 2006 годзе заснаваў вядомы гандбаліст, Алімпійскі чэмпіён Андрэй Барбашынскі.
У 2020 годзе Барбашынскі быў даверанай асобай Лукашэнкі на выбарах. Пазней выступаў у дзяржаўных газетах і прапагандысцкіх тэлепраграмах. Адкрыта падтрымаў расійскае ўварванне ва Украіну.
Праз санкцыі, накладзеныя на Беларусь, ягоную фірму пакінуў нямецкі інвестар. З поўнай назвы юрыдычнай асобы знікла слова "замежнае". Штат "Белабедынгу", дзе раней працавала да 200 чалавек, моцна скараціўся.
У 2024 годзе Барбашынскі збіраўся стаць дэпутатам Гродзенскага абласнога савета. Бізнесмен падаў дакументы на рэгістрацыю як намеснік старшыні Беларускай федэрацыі гандбола. Але ў выніку яго нават не зарэгістравалі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.