Знайшлі рабочага, які ў 1987-м пакінуў бутэльку з пасланнем на плошчы Перамогі
21 кастрычніка падчас рэканструкцыі плошчы Перамогі ў Мінску будаўнікі знайшлі бутэльку з пасланнем сваіх калег з савецкага мінулага. Падчас дэмантажу гранітных пліт яна разбілася, у ёй аказалася пашкоджаная запіска і дзве манеты наміналам 1 капейка 1985 і 1987 гадоў. З тэксту стала зразумела, што напісала яго нашчадкам брыгада будаўнікоў Емельянава з 13 чалавек. "Мінск-навіны" знайшлі аднаго з тых рабочых.
Пенсіянер Уладзімір Корбут успамінае, што пасланне вырашылі пакінуць у апошні дзень працы каля манумента — 5 лістапада 1987 года. "Тады тэрміны падціскалі, рыхтаваліся да Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі, зрабіць усё трэба было хутка, — успамінае Корбут. — Працавалі шмат: і ўдзень, і ўночы".
"Прыемна, што знайшлі", — кажа будаўнік. Паводле яго слоў, манеты ў бутэльцы нічога не азначаюць. Проста закінулі тое, што было пад рукой.
Уладзімір Корбут гаворыць, што працаваў на такіх аб'ектах, як Дом ураду, Палац культуры прафсаюзаў, "Мінск-Арэна", але падобных запісак больш не пакідаў. Толькі невялікія надпісы рабіў, прызнаецца ён.
А вось будаўнікі, якія цяпер удзельнічаюць у рэканструкцыі плошчы Перамогі, пасланне нашчадкам могуць пакінуць.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.