Зніжкі за хуткую выплату адміністрацыйных штрафаў хочуць увесці ў Беларусі

Зніжкі за хуткую выплату адміністрацыйных штрафаў хочуць увесці ў Беларусі

Правапарушэнні ў Беларусі прапануецца дзяліць на тры катэгорыі — правіна, значнае правапарушэнне і грубае парушэнне. Адпаведныя змены рыхтуюцца ў Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях.

Ад катэгорыі будзе залежаць і пакаранне, і тэрмін даўнасці, падчас якога чалавека могуць прыцягнуць да адказнасці. А вось калі правапарушальнік хуценька аплаціць штраф, яму могуць даць зніжку — да 50%, піша TUT.by са словаў міністра юстыцыі Алега Сліжэўскага.

За правіну прапаноўваюцца такія санкцыі, як папярэджанне, вусная заўвага альбо штраф да 10 базавых велічыняў (сёння гэта 270 рублёў).

Тэрмін даўнасці прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці таксама будзе залежаць ад катэгорыі правапарушэння. Пры правіне пасля папярэджання або вуснай заўвагі ці аплаты штрафу будзе лічыцца, што чалавек увогуле не прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці. Пры значным правапарушэнні тэрмін прыцягнення да адказнасці расцягнецца на паўгода, а пры грубым правапарушэнні — ажно на год.

Таксама Мінюст прапаноўвае зніжкі за хуткую аплату штрафу. Калі парушальнік аплачвае штраф на месцы або на працягу тыдня, яму даецца зніжка ў памеры 25-50%, кажа міністр.

"Сёння прымяняецца павелічэнне штрафу ў выпадках несвоечасовай аплаты. Прапануецца супрацьлеглы падыход, які стымулюе парушальніка плаціць своечасова і зніжае выдаткі на адміністраванне штрафаў", — патлумачыў Сліжэўскі.

Міністр юстыцыі падкрэсліў, што ўсе гэтыя прапановы яшчэ будуць абмяркоўвацца.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі