ЗША працягнулі прыпыненне санкцый у дачыненні 9 беларускіх прадпрыемстваў
ЗША працягнулі прыпыненне санкцый у дачыненні 9 беларускіх прадпрыемстваў. У дакуменце Міністэрства фінансаў Злучаных Штатаў згадваюцца “Белнафтахім”, яго філіял у ЗША, “Беларускі нафтавы гандлёвы дом”, “Гродна Хімвалакно”, “Нафтан”, “Полацк Шкловалакно”, “Лакафарба”, “Гродна Азот”, “Белшына”. Рашэнне аб прыпыненні санкцый будзе дзейнічаць да 30 кастрычніка 2018 года.
ЗША ўпершыню ўвялі санкцыі супраць беларускіх прадпрыемстваў пасля прэзідэнцкіх выбараў 2006 года. Яны былі названыя недэмакратычнымі. Таксама гэта была рэакцыя і на разгон Плошчы, на масавыя затрыманні яе ўдзельнікаў. Пасля таго, як восенню 2015 года была вызваленая група беларускіх палітзняволеных, Злучаныя Штаты часткова скасавалі санкцыі і кожныя паўгода працягваюць іх прыпыненне. Папярэдні раз гэта было зроблена ў кастрычніку 2017 года.
Вышэйшыя дзяржаўныя асобы Беларусі, у тым ліку і Аляксандр Лукашэнка, неаднаразова заяўлялі пра пацяпленне адносін з ЗША і пра зацікаўленасць афіцыйнага Мінска ў гэтым.